Студэнты ў горадзе

З верасня 451 тысяча студэнтаў распачалі навучанне ў больш за паўсотні беларускіх ВНУ. Большая палова з іх плаціць за адукацыю, у сярэднім па $1 167. Тыя ж, хто вучыцца за кошт дзяржавы, упершыню з гэтага году даведаюцца аб месцы ўласнага прымусовага размеркавання яшчэ за год ці два да яго.

Беларускім студэнтам як і раней асабліва няма дзе жыць: толькі палова іншагародніх студэнтаў буйнейшых універсітэтаў могуць разлічваць на атрыманне месца ў студінтэрнатах. Нягледзячы на два новых інтэрнаты, што вось-вось мусяць адкрыцца ў студвёсцы ў Менску, сталіца застаецца найменш прывабным месцам для немясцовых навучэнцаў: да высокіх цэнаў на здымнае жытло і транспартных праблем тут нядаўна дадалося рашэнне ўладаў адмяніць бясплатны праезд у транспарце для студэнтаў-дзённікаў.

Многія першакурснікі 2012 году стануць першымі студэнтамі, што спазнаюць новы эксперымент Міністэрства адукацыі, — пераход на чатырохгадовае навучанне. А старшакурснікі недалічацца 16 тысячаў сваіх таварышаў — менавіта столькі студэнтаў аказаліся адлічанымі за мінулы навучальны год.

У наступныя гады беларускіх студэнтаў будзе станавіцца ўсё меней: колькасць абітурыентаў будзе скарачацца, зменшацца і наборы. Чыноўнікі спадзяюцца, што ратаваннем для беларускай сістэмы адукацыі стануць замежныя студэнты з Кітаю, Туркменістану і іншых азіяцкіх краін.

Фота: Юля Сакалоўская і Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.058 seconds.