Праваабаронцы звяртаюцца да маладых дызайнераў і крэатыўшчыкаў

Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвяшчае конкурс ілюстрацый, калажоў, фотаздымкаў, відэаролікаў, слоганаў на праваабарончую тэматыку ды выраб hand-made паштовак для палітвязняў.

«У Беларусі вельмі абмежаваная колькасць беларускамоўных паштовак, асабліва тых, якія можна даслаць нашым палітвязням, што ўжо працяглы час знаходзяцца ў ізаляцыі. Цікавых арыгінальных паштовак, каб выказаць чалавеку падтрымку ў любы дзень з любой нагоды, а не толькі павіншаваць са святам, проста не знайсці.

Хочацца, каб тыя, хто за свае погляды апынуўся за кратамі, маглі б атрымліваць сапраўды адметныя паштоўкі, зробленыя з душой – менавіта для іх і менавіта сваімі рукамі. Вось так і прыйшла ідэя правесці конкурс hand-made паштовак для палітвязняў», — тлумачаць вясноўцы.

Праваабаронцы адзначаюць недахоп розных візуальных беларускамоўных сродкаў на праваабарончую тэматыку. Менавіта таму конкурс праводзіцца значна шырэй па наступных намінацыях:

  • лепшая hand-made паштоўка для палітвязняў (усе паштоўкі будуць потым адпраўленыя палітвязням, лепшыя будуць надрукаваныя для шырока распаўсюду);
  • лепшая ілюстрацыя, калаж, комікс на праваабарончую тэматыку (тут могуць быць малюнкі да артыкулаў (іх 30) Дэкларацыі правоў чалавека ці да пэўных календарных датаў, звязаных з правамі чалавека, асобаў, падзеяў і г.д.);
  • лепшая флэш-паштоўка
  • лепшы відэа-ролік
  • лепшы праваабарончы слоган
  • лепшы фотаздымак.

Колькасць прац, прадстаўленых на конкурс ад адной асобы, не абмежаваная. Прапановы чакаюць з 15 ліпеня па 15 кастрычніка на электронны адрас: konkurs@spring96.org (абавязкова пазначайце імя альбо псеўданім, узрост, электронны адрас, нумар мабільнага тэлефону), а самаробныя паштоўкі на офісе па пр. Незалежнасці 78А-48 (гарадскі нумар тэл. 331-08-44).

Пераможцы будуць абвешчаны напрыканцы кастрычніка. Іх чакаюць грашовыя ўзнагароды і прызы.

19:00, 14/08/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0638 seconds.