Студэнтаў адправяць вучыцца на заводы і фэрмы

На кожным буйным прадпрыемстве створаць філію катэдраў ВНУ, куды адправяць практыкавацца студэнтаў ужо з трэцяга курсу. Працягласьць практыкі павялічаць, каб «прышпіліць» студэнта да будучай працы. Акрамя гэтага Лукашэнка прапанаваў перанесьці «цэнтар цяжару» адукацыйных працэсаў на фэрмы і палі».

Кіраўнік Беларусі заявіў аб тым, што беларускія выкладчыкі «адсталі» ад працэсаў у прамысловасьці, таму неабходна перанесьці «цэнтар цяжару» адукацыйных працэсаў на палі, на фэрмы, на заводы, на фабрыкі».

«Студэнт зь першага да заканчэньня пятага курсу сядзіць у аўдыторыі, яму пра нешта распавядаюць выкладчыкі, — распавёў Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам. — Многія выкладчыкі самі плятуцца ў хвасьце падзей. Пра што яны могуць расказаць? Так склалася жыцьцё, што, дапусьцім, у прамысловасьці, у сельскай гаспадарцы канкрэтная вытворчасьць сышла далёка наперад. А выкладчыкі, на жаль, адсталі».

«Таму трэба перанесьці цэнтар цяжару на вытворчасьць, на палі, на фэрмы, на заводы, на фабрыкі, і там вучыць будучых спэцыялістаў», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Прэзыдэнт лічыць, што першыя два курсы студэнты яшчэ могуць павучыцца ў ВНУ. «А астатнія два гады, калі мы скарачаем зь пяці да чатырох гадоў тэрмін навучаньня па некаторых спэцыяльнасьцях, яны павінныя быць на пэўнай вытворчасьці».

Але чарговая рэформа ў сфэры вышэйшай адукацыі, калі верыць Лукашэнку, прадыктаваная ня толькі «адсталасьцю» беларускіх выкладчыкаў. Кіраўніка Беларусі турбуе, што многія студэнты пасьля заканчэньня ВНУ не застаюцца працаваць у сфэрах, у якіх атрымлівалі прафэсію. Таму праз працяглую практыку «на палях» Лукашэнка спадзяецца «лягчэй прышпіліць [студэнта] да гэтага жыцьця, да гэтай будучай працы».

Раней дзяржаўныя каналы паведамлялі аб тым, што ўнівэрсытэты абавяжуць адкрываць філіялы катэдраў «на ўсіх высокатэхналягічных прадпрыемствах», дзе студэнты праходзілі б практыку.

Як спадзяецца намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук, такім чынам маладыя спэцыялісты пасьля заканчэньня ВНУ ужо будуць мець вопыт працы. Курсавыя і дыплёмныя работы ў межах рэформы таксама прымусіць пісаць так, каб яны «вырашалі практычныя задачы прадпрыемства».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0724 seconds.