Аляксей Талстоў. Сёньня ты арыгінал-нефармал, а заўтра — сьпіўся

Аляксей Талстоў

Аляксей Талстоў — малады аўтар двух раманаў і мастак, які невыпадкова падобны на рок-зорку беларускага андэграўнду, бо раней сьпяваў у беларускамоўным рэгі-гурце «Чык-чык». У сэрыі «Кім я стану, калі вырасту» Аляксей распавядае пра тое, як хлопчык-панкуша апынуўся некалі ў Маладым Фронце, чаму Кулёк — гэта жахлівае месца, а рэлігія — гэта развод, як ня стаць Іванам і не скончыць таленавітым гопнікам на раёне з комплексам беларускасьці.

Хлопчык-панкуша

У дзіцячым садку хацеў стаць кіроўцам тралейбуса. Пасьля хацеў музыкай займацца. Зрэшты, так і атрымалася.

У восьмай клясе затусіў з валасатымі і першы раз патрапіў на сэйшак, на тру-хэві-мэтал. Ну і панеслася. З дому ніколі не сыходзіў, але нейкія канфлікты, зразумела, у падлеткаў заўжды здараюцца, і ня дзіўна: хлопчык-панкуша, усе справы. Тусоўкі вечныя, маладосьць, бухло, канцэрты. Увогуле, усё крута было, адно, каб ведаў гэта тады.

Напрыканцы школы мы зь сябрамі зарганізавалі «Чык-Чык», відаць пад уплывам ад сучбелкульта тагачаснага. Мала што памятаю, па шчырасьці. Памятаю флэты ўсялякія ці дзе на вуліцы завісалі. Шмат было алкашкі і іншых зусім некарысных рэчываў. Думаю, было весела. Цяпер, на жаль, так ужо не магу, ня лезе, як кажуць. Зрэшты, і ня ведаю, ці раіў бы камусьці паўтараць тыя прыгоды.

Кулёк — жахлівае месца

Пайшоў у кулёк. Гэта быў той яшчэ выпадак. Год адвучыўся і зразумеў, што гэта папросту нейкае марнаваньне часу. Думаў: вось, пайду ў кулёк — вывучуся і буду рабіць усялякія канцэрты, імпрэзы, шоў-біз там, тое-сёе. Ага, зараз! Кулёк быў жахлівым месцам, ня ведаю як цяпер. Увесну там сядзець было увогуле немагчыма. Я прыходзіў ва ўнівэр, даходзіў да гардэроба, мяне сустракалі сябры і казалі «Якія пары? Хадзем! Нам трэба ісьці!», так я да большасьці лекцый і не даходзіў. Кепская кампанія, маўляў — самыя лепшыя рабяты. Былі, праўда, і нейкія цікавыя лекцыі, але большасьцю прадметаў лёгка можна было ахвяраваць. Ну, карацей зваліў я адтуль. Хацелася вывучаць культуралёгію, нешта прыгожае, натхняльнае, а давалі там культпрасьвет, савок такі, рыхтавалі кадры для дамоў культуры.

Пасьля ўжо, гады праз тры, без усялякага кулькоўскага дыплёму муціў тыя канцэрты, па некалькі на тыдзень нават. Шмат адтусоўваў тады. Канешне, малады, нецьвярозы... Нехта можа заўжды маладым будзе, а нехта можа ніколі й не памрэ.

Сёньня ты арыгінал-нефармал, а заўтра — сьпіўся

«Бег» і «Мінакі» пісаліся па занатоўках з таго часу, калі я тусіў на вуліцы. Там і героі ў раманах вельмі падобныя да тых, каго штодня сустракаў тады. Мы зь сябрамі гралі па пераходах, я шмат бухаў і паліў, і героі гэтыя ўвесь час перад вачыма былі. У кожным горадзе ёсьць такія, і ніхто пра іх ня дбае. Але яны таксама ёсьць часткай гораду, гэта таксама ягоныя жыхары. І я пісаў пра іх, таму што гэта было побач, бо сам быў такім. Сёньня ты арыгінал-нефармал, а заўтра — сьпіўся і лёг побач зь імі. Рознае зь людзьмі здараецца. Шмат выпадкаў было сярод знаёмых: хто сьпіўся, хто замерз, хто праз наркотыкі памёр, хто сеў, хто ў кляштар схаваўся, а хто выкруціўся і дзяцей напладзіў.

Я не хачу больш так пісаць

Безумоўна, ня ўсё з таго, што я пісаў, прыдуманае. Немагчыма ўсё прыдумаць, мы папросту ня здольныя да гэтага. Мы можам адно атрымліваць інфармацыю, перапрацоўваць яе ды трансьляваць далей. Зрэшты, тое, што выдадзенае на сёньняшні дзень, напісанае больш за чатыры гады таму, спадзяюся, што сёньня я пішу інакш. Мне даўно не падабаецца тое, што я рабіў раней. Добра, што выдалі «Мінакі», але шмат што зьмянілася з таго часу, цяпер я не хачу больш так пісаць.

Неяк прадаў адну карціну

Першы заробак? Я працаваў у школе — лісьце прыбіраў. Пасьля і ў тыпаграфіі падпрацоўваў. Неяк прадаў адну карціну. А літаратура наагул у нас прыбытковая? Увесь час чую, што не. У любым выпадку, я ня ведаю, як зарабляць на мастацтве. Я не бізнэсовец. Апошні раз я зарабіў на мастацтве, калі расьпісваў сьцены рэстарана ў Індыі. Праўда, наколькі гэта было мастацтвам, яшчэ паглядзець трэба.

Людзі анідзе не адрозьніваюцца

Маю шкодную звычку вандраваць па Індыі і Нэпале ды захапляцца іхнай культурай. Перадусім, заўжды цікавіўся будысцкай тэмай. Наконт Індыі, ня думаю, што так лёгка трапіць у індыйскі кантэкст. Культура даволі своеасаблівая, каб яе адчуваць, трэба ў ёй нарадзіцца. Але людзі анідзе не адрозьніваюцца. Усё тое ж самае. Заходзіш у нас да бабулі — вісіць абраз. Там заходзіш у нейкую краму — стопудняк будзе нейкі там сьвяты ці бог які стаяць, сьвечка ды палка-ванялка. Паўсюль адное і тое ж.

Рэлігія — гэта развод

Я не належу да якойсьці рэлігіі. Маўляў, ёсьць Бог — і мы мусім у яго верыць. Я ня ўпэўнены. Гэта вельмі сумнеўная тэма. Я не магу верыць у тое, чаго я ня ведаю. Я не магу ахапіць увесь сусьвет, увесь сусьветны парадак. Я ня ўпэўнены, што ў чалавека ўвогуле ёсьць магчымасьці дзеля гэтага. Мы зьяўляемся часткаю і намагаемся спасьцігнуць цэлае. Калі мы кажам, што ёсьць Бог — ок, у такім выпадку мы робім выгляд, што мы гэта зьдзейсьнілі, што мы асэнсоўваем усё быцьцё, што Бог сапраўды ў ім ёсьць. То бок мы прымаем Бога як нешта станоўчае, аб'ектыўнае. Але насамрэч мы ня можам гэтага ведаць. На справе атрымліваецца, што чалавек верыць у тое, чаго ня можа зразумець. Напрыклад, маланка — гэта Бог-Пярун, вось ён зараз раззлуецца ды нам па задніцы надае за тое, што мы там дзеўку цнатлівую яму на капішчы не закалолі. Гэта не такое простае пытаньне. Я не хаджу ў царкву, у касьцёл. Для мяне гэта развод. Арганізаваная рэлігія — гэта папросту сродак кантролю, маніпуляцыя. Любая арганізаваная сацыяльная сыстэма — гэта сродак кантролю над грамадзтвам.

Толькі самаадукацыя

У мяне з навучальнымі ўстановамі ня склалася, таму самаадукацыі аддаю першае месца. Чытаю шмат па культуралёгіі, сацыялёгіі і інш.

Сямейныя норкі

Самотна я жыць не магу, мне людзі патрэбныя. Чалавек сацыяльны. У мяне не было досьведу жыць адасоблена, ды й жаданьня няма. Але я не магу тусіць увесь час з аднымі і тымі ж. Традыцыйная сям'я мяне мала цікавіць. Можа я пацан яшчэ малады, можа не разумею чагосьці. Але сумна часам глядзець на некаторыя сем'і, людзі нібыта закрываюцца, зьнікаюць некуды, часам нават і ня ў дзецях справа. Ёсьць сярод маіх знаёмых тыя, хто не схаваўся ў такую сямейную норку, прыемна зь імі сустракацца. Я не люблю, калі сям'я абмяжоўвае людзей, і калі дзеці сядзяць увесь час дома пад кантролем, калі бацькі вырашаюць за іх, маўляў, туды хадзі, туды не хадзі — гэта няправільна. Нашыя дзеці нам не належаць, гэта ня нашая ўласнасьць. Праўда, сваіх у мяне няма.. таму хто я такі, каб выказвацца на гэтую тэму?

Радзіма — гэта канкрэтныя людзі і канкрэтны час

Вельмі люблю радзіму, але гэта хутчэй звычка такая. Вось стаўленьне да радзімы як да нейкага ідалу — гэта абсалютна не маё. Гэта нейкая абстракцыя. Грамадзкі абавязак, нацыя — гэта абстрактныя паняцьці і збольшага штучныя. Для мяне радзіма — гэта канкрэтныя людзі і канкрэтны час. Мяне болей цікавіць пэрсанальнае асобна ўзятага чалавека. Калі мы абагульняем — мы губляем сваё індывідуальнае. Калі мы пачынаем сябе да нечага прывязваць, мы будуем платы. Гэта такая гермэтызацыя, закрытасьць. Тым больш на асабовым узроўні гэта мала працуе.

Пытаньне нацыянальнага самавызначэньня — гэта далёка ня першае пытаньне, якое задае сабе чалавек. Але я, безумоўна, у нейкай ступені касмапаліт. Беларуская культура будзе пакутаваць да таго часу, пакуль не разьбярэцца са сваім нацыянальным. Калі гэтая тэма, спэкуляцыі зь якой не спыняюцца ўжо столькі год, будзе адрэфлексаваная, тады ўсе нарэшце папусьцяцца і зоймуцца справай.

Я не Іван, я Лёша! 

Што тычыцца нацыкаў — ок. Ну, скажам, вось да цябе прыходзіць сусед Іван і кажа: «Слухай, табе патрэбны газ. Я дам табе газу, але ты таксама будзеш Іванам». Ну што ты яму скажаш?! «Не дуры мне галавы, я ж не Іван, я — Лёша». І непрыгожа гэта зусім, не па-суседзку. І мецьмеш рацыю. А пасьля паедзеш у Вільню, накідаесься там дзе і будзеш крычаць мясцовым, якія там ўсё жыцьцё пражылі: «Валіце ў сваё Коўна, паскуднікі!» Ну і хто ты пасьля гэтага? Такі ж Іван, толькі бяз газу.

Каб жыць, а пасьля памерці

Жыць трэба дзеля таго, каб жыць. Каб жыць, а пасьля памерці. Гэта ад нас увогуле не залежыць, мы жывыя арганізмы, мы хочам жыць і памнажацца. Ня можам не хацець у большасьці сваёй. Хутка будзе 7 мільярдаў, а пасьля больш і больш, пасьля і жэрці ня будзе чаго, канібаліць пачнем.

Мог скончыць гопнікам на раёне

Мне было 15 год і я ўлетку падсеў на N.R.M., «Краму», усе гэтыя бчб стужачкі і гэтак далей. Тады гэта было модна, пратэст і ўсё такое. Натуральна, я трапіў у МФ. Шточацьвер былі паседжаньні на Варвашэні, 8. Ну і там зьбіралася кодла, у лепшыя часы чалавек па 200. Я ня ведаю, як гэта цяпер выглядае, але падазраю, што крыху інакш. Там зьбіралася моладзь з пратэстнымі настроямі, вельмі розная: «дзеці вялікіх беларусаў», нейкія адвечна п’яныя панкі, разнастайныя пэган-мэталісты, аматары сярэднявечных тэмаў, скрайнія нацыкі, проста нейкія дэзадаптаваныя падлеткі, зь якіх кпілі ў школе. Асноўнымі матывацыямі былі беларускі рок, добрая кампанія і лірыка пратэсту. Ня ўсе там і па-беларуску размаўлялі, але ўсе былі прыкладна на адной хвалі.

Тады МФ быў неад'емнай часткай беларускай моладзевай культуры. У маім выпадку гэта ўсё цягнулася літаральна адзін год, можа крыху болей. У асноўным гэта было такое: маці наварыць клею, мы зь сябрамі залепім улёткамі раён, пасьля будзем паўночы бегаць ад патрульнай машыны. Пойдзем на мітынг у спадзяваньні, што будзе бойка. Мітынг бяз бойкі лічыўся няўдалым. Пасьля была кампанія 2001 году, мабілізацыйная кампанія «Выбірай!» Я паглыбіўся, давялося пазнаёміцца зь міліцыянтамі. Ня думаю, што тады я ўсё добра там разумеў у той палітыцы, важнай была самая энэргія. Натуральна, гэта была эксплёатацыя ў нейкім сэнсе. Зрэшты, палітыка — гэта заўжды эксплёатацыя. Але гэта была і школа таксама: я пачаў пісаць вершы па-беларуску, нейкія занатоўкі зьявіліся.

Прыкладна ў той час кіраўніцтва МФ замуцілася з Богам — ну, добра, розныя меркаваньні ёсьць на гэты конт — але шмат хто гэтага не захацеў і зваліў. Ці то справа была ў тым, што «ўся ўлада ад Бога» ці ў тым, што хрысьціянскі бог ня надта прывабны для моладзі, ня надта сэксуальны. Пачыналіся нейкія жарцікі з боку найбольш радыкальных рабятаў: ах ты такі, вось мы, калі прыйдзем да ўлады, не, цябе мы, напэўна, усё ж не растраляем, пойдзеш у адзіную апазыцыйную партыю — ну і гэтак далей, дзяцінства такое. А пасьля былі Курапаты, там шмат чаго адбылося, і я цалкам адышоў ад усёй гэтай тэмы. Ня тое, што я калісьці быў такім правым, проста было кам’юніці, супольнасьць моладзевая, а потым кіраўніцтва пачынае чысьціць шэрагі і «ўсё, вы больш ня з намі».

Зразумела, што будуць розныя меркаваньні, але галоўнае, што тады рэзка зьмяніліся асноўныя пункты. Быў аптымізм, дух братэрства. Людзей ядналі ня столькі кансэрватыўныя каштоўнасьці, не нацыяналізм і божанька, як я думаю. Моладзь змагалася супраць саўковай традыцыі сваіх бацькоў, супраць закасьнеласьці старога. Адрэналін, рамантычны ідэал свабоды, адрыў. Беларусь пад сьцягам Хрыста — добра, але там месцамі ледзьве ня сэкс-драгз-рок-н-рол быў.

Але каб ня той МФ, я б з вамі цяпер ня гутарыў, гэта была сапраўды добрая школа, празь яго я ўвайшоў у беларускі культурны кантэкст, а мог скончыць гопнікам на раёне. Крыху пазьней цалкам зьмянілася кампанія, пачалося нейкае сталеньне. Я ня думаю, што сёньня ў мяне ёсьць нешта агульнае з МФ у пляне каштоўнасьцяў.

Я пазьбягаю комплексу беларускасьці

У жыцьці я карыстаюся трыма мовамі, пішу выключна па-беларуску, але не лічу гэта за нейкую выбітнасьць. Я ўвайшоў у кантэкст, прызвычаіўся. Гэта папросту звычка. Зь іншага боку, у мяне няма ніякага жаданьня пісаць на іншай мове. І размаўляць па-беларуску — гэта нармальна. У нас простая праблема: людзі і ў нацыянальна арыентаваных колах, і наагул грамадзтва лічаць, што беларуская культура, і беларуская мова — гэта ненармальна. Адныя бачаць у гэтым нейкую патасную элітарнасьць, знак прыналежнасьці да чорт ведае якіх вышэйшых сфэраў, іншыя прызвычаіліся верыць у слушнасьць састарэлага савецкага гарадзкога стэрэатыпу, маўляў, гэта ўсё нейкая правінцыйнасьць, калгасьніцтва. А гэта папросту нармальна. І калі мая бабуля кажа: «ёлы-палы, я размаўляю па-расейску, я хачу размаўляць па-расейску», я цішком пасьмейваюся, бо гэта не заўжды так. Я імкнуся пазьбягаць комплексу беларускасьці. Мне падаецца, чым больш мы схільныя бачыць у гэтым праблему, тым большай праблемай гэта будзе. Так ці інакш, гэтае пытаньне будзе вырашанае, але наўпроставы канфлікт — тут ня лепшы мэтад.

Людзі вырашаюць, таленавіты ты ці не

Таленавітымі не нараджаюцца і ня робяцца, талент сыходзіць ад людзей. Людзі вырашаюць, таленавіты ты ці не. Цяпер у нас наагул з культурай такая рэч, ды й ня толькі ў нас: што назавеш добрым, то і будзе добрым. Вось ты напішаш: Талстоў такі — і Талстоў стане такім. А сам Талстоў тут, можа, увогуле і не да чаго.

Цікавая мова — тая, якая не падобная да мовы іншых

Мне не падабаецца, як у нас вучаць мастакоў. Атрымліваецца адное і тое ж. Мне падаецца, што ўвогуле не стае інфармацыі пра замежных творцаў, і не стае ня толькі студэнтам. Так, студэнтам у першую чаргу, але і выкладчыкам. Мы вырваныя з кантэксту. Мы ня можам тупа пісаць краявід, калі побач бомбы падаюць і дзеці галадаюць. Ёсьць сьвет, і мастацтва — гэта рэакцыя на яго, а калі мы ня бачым сьвету, мы выпадаем, мы закрытыя. Мы закрытыя не на ўзроўні нейкіх дзяржаўных структураў, мы закрытыя на ўзроўні грамадзтва. Бо спачатку ідзе чалавек, ягоная цікаўнасьць.

Добра, што ў нас моладзь хоць неяк варушыцца. Хаця, зь іншага боку, трэба іх перасьцерагчы, бо простае перайманьне заходніх мадэляў заўжды будзе нараджаць другаснасьць. Любое навучаньне — гэта авалоданьне мовай. У ідэале творца мусіць стварыць уласную мову. Цікавая мова — тая, якая не падобная да мовы іншых, але яна не заўжды будзе прыгожай.

Некуды цягне, але часам вельмі хочацца жыць у Беларусі

Ня думаю, што грамадзтва можа быць ідэальным. У кожнага чалавека будуць цёркі з грамадзтвам, яны мусяць быць, бо чалавек індывідуальны, а грамадзтва агульнае. Удалая сацыяльная адаптацыя — гэта заўжды кампраміс. Мы ўсе людзі, кожны прыходзіць зь нечым сваім. Ня ведаю, у якім грамадзтве я хацеў бы жыць, паўсюль ёсьць свае траблы. Мяне больш хвалюе пытаньне ня «дзе?», але «як?». Хочацца, каб жыцьцё было цікавым і якасным. Наконт таго, дзе — мяне ўсё яшчэ некуды цягне, але часам вельмі хочацца жыць у Беларусі.

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.07 seconds.