Кадафі, вулічныя пратэсты ды евангелісты ў сацсетках

Многія сталічныя аматары сучаснага мастацтва не маглі прайсці міма галерэі «Ў», дзе пятнічным вечарам адбывалася адкрыццё выставы Аляксея Талстова. Дзесяць карцін на тэму грамадскай самарэгуляцыі прадставіў малады мастак, пісьменнік і музыка. Аўтарскі праект «Самакантроль» — своеасаблівая рэакцыя аўтара на сусветныя падзеі і тэндэнцыі.  

Увайшоўшы ў галерэю, у вочы адразу кідаецца буйны партрэт Муамара Кадафі, а насупраць яго зыходжанне Святога Духу на апосталаў у дзень Пяцідзясятніцы. Талстоў паказвае ўладу і рэлігію як суб’ектаў кантролю над грамадствам. Непадалёк вісяць юзерпікі з сац. сетак чатырох евангелістаў. Далей ідуць брытанскія пагромы, смерць італьянскага актывіста ды самаспаленне тыбецкіх манахаў у якасці пратэста супраць кітайскай палітыкі этнацыду. Адным словам, выпуск навін на дзяржаўным тэлебачанні. З тым толькі выключэннем, што няма на выставе ані поспехаў беларускай прамысловасці, ані ўсмешлівых беларусаў. «Дык а дзе ж Беларусь?» — запытваюцца гледачы. А вось там яна, варта глядзець уважлівей.

«Я не вылучаю Беларусь з усяго кантэксту. Кожны сам вызначае, ці ёсць яна там. Мне падаецца, што важна менавіта пытанне: "Чаму тут няма Беларусі?". Усе пытаюць — і гэта і ёсць адказ: значыць не стае ўсім Беларусі. Але ж я не магу сказаць, што яе там няма», — тлумачыць Аляксей.

Візуальная частка аўтарскага праекту будзе працаваць да 1 лістапада, сёння, 12 кастрычніка а 15:00, Талстоў правядзе экскурсію і адкажа на ўсе пытанні. За тэкставай часткай праекту можна сачыць на сайце «АртАктывіста». 

Чытайце таксама інтэрвію з Аляксеем у нашай серыі «Кім я стану, калі вырасту»
Аляксей Талстоў. Сёньня ты арыгінал-нефармал, а заўтра — сьпіўся

Выстава будзе працаваць да 1 лістапада ў галерэі «Ў»
час працы: 11:00-22:00, па выходных 12:00 - 22:00
пр-т Незалежнасці 37а

Наста Darteco 11:00, 12.10.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1323 seconds.