Ад страху абітурыентка зьела шпаргалку

На цэнтралізаваным тэставаньні можа адбыцца ўсё, што заўгодна: напужаныя абітурыенты ядуць шпаргалкі, робяць памылкі ва ўласных імёнах, а сваё цела ператвараюць у «жывую энцыкляпэдыю».

На сёлетнім ЦТ адбыўся кур’ёзны выпадак: дзяўчына на патрабаваньне членаў экзамэнацыйнай камісіі аддаць ім шпаргалку зьела яе.

«Шпора была публічна зафіксаваная, і з тэставаньня абітурыентку выдалілі», — паведамляе Interfax.by са спасылкай на адказную сакратарку Дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеньня ўступных выпрабаваньняў у ВНУ і ССНУ Ірыну Буцьку.

Паводле словаў арганізатараў ЦТ, тэставаньне сёлета праходзіць адносна спакойна:

«У 2012 годзе тых, хто прыходзіць на тэставаньне ў стане алькагольнага ап’яненьня, няма. Хлопцы і дзяўчаты ня ідуць на ЦТ, як на пляж, у шортах і сланцах. Абітурыенты 2012 больш сур’ёзныя. Гэта відаць нават па іх поглядах», — кажа Буцька.

Праўда, часам недарэчнасьці могуць здарыцца ў самых нечаканых сытуацыях. Гэтак, некаторыя абітурыенты робяць памылкі ва ўласных імёнах, піша «Звязда». Слова «Надежда» пішуць як «На-дежа», у імені па бацьку «Віктаравіч» ці імені «Дзяніс» дапускаюць ажно тры памылкі.

Іншая абітурыентка ў межах падрыхтоўкі да ЦТ па гісторыі расьпісала ўсё цела гістарычнымі датамі. А ў 2010 годзе ў філіяле БДЭУ на тэставаньні па ангельскай мове арганізатары высьветлілі, што за абітурыентку здае іспыт… студэнтка другога курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Цікава, што адна зь дзяўчат была бляндынкай, а другая — брунэткай.

Цягам тэсьціраваньня па беларускай мове, расейскай мове, біялёгіі, матэматыцы, грамадазнаўстве і хіміі за парушэньні з аўдыторыяў былі выдаленыя ўжо 35 чалавек (у большасьці выпадкаў з-за наяўнасьці і выкарыстаньня мабільных тэлефонаў). І колькасьць гэта будзе расьці: яшчэ ня ўсе тэсты скончаныя.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0568 seconds.