Адстаўны палкоўнік артылерыі стаў намесьнікам міністра адукацыі

Аб прызначэньні двух новых намесьнікаў міністра адукацыі абвешчана надоечы. Абодва ніколі не працавалі ў адукацыйных установах, а адзін з новых топ-чыноўнікаў перад тым, як прыйсьці ў Мінадукацыі, служыў у Расеі і Беларусі ў артылерыйскіх войсках.

50-гадовы палкоўнік у адстаўцы Сяргей Руды з Заслаўя стане новым намесьнікам міністра адукацыі Беларусі. Назіральнікаў зьдзівіла біяграфія чыноўніка: скончыўшы вайсковую вучэльню, Сяргей Руды служыў у Расеі і Беларусі ў артылерыйскіх войсках, кіраваў аўтамабільнай брыгадай і сачыў за складамі паліва. Ягоная апошняя пасада — кіраўнік галоўнага ўпраўленьня будаўніцтва і эксплюатацыі Ўзброеных Сілаў Беларусі.

Зоймецца палкоўнік прыкладна тым, чым займаўся апошнія сем гадоў у войску: «ўмацаваньнем і разьвіцьцём матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый адукацыі». Акрамя гэтага палкоўнік Руды засяродзіцца на грамадзянскай абароне і вытворчасьці ў ПТВ. Ніякіх афіцыйных камэнтароў паводле прызначэньня Сяргея Рудога пакуль не прагучала.

Яшчэ адным намесьнікам Маскевіча стане Васіль Будкевіч. Ён прыйшоў на замену Казіміру Фарыно, што курыраваў школьную адукацыю 10 гадоў яшчэ з часоў Аляксандра Радзькова.

Біяграфія Васіля Будкевіча мае два знамянальныя факты. Па-першае, ён празь дзесяць гадоў пасьля Аляксандра Лукашэнкі скончыў Магілёўскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт па той самай спэцыяльнасьці, што і цяперашні кіраўнік дзяржавы. У гэтым самым унівэрсытэце да 2001 году працаваў будучы міністар адукацыі Беларусі і сусед Лукашэнкі па інтэрнату Аляксандр Радзькоў.

Па-другое, імя Будкевіча ўпершыню трапіла ў прэсу пасьля скандалу з русафільскімі выказваньнямі ягонага падначаленага Андрэя Герашчанкі.

«Калі ў яго з-за грамадзкай дзейнасьці дзесьці, умоўна кажучы, дах паехаў у пэўных пытаньнях, то правядзем выхаваўчую працу і праводзім», — казаў Будкевіч пра словы Герашчанкі аб тым, што Беларусь ёсьць «рускай дзяржавай», паставіўшы пад сумнеў існаваньне беларускай мовы і незалежнасьці.

Урэшце, Герашчанка быў звольнены з аддзелу моладзі Кастрычніцкага раёна Віцебска. А Будкевіч пайшоў на падвышэньне і стаў намесьнікам начальніка ўпраўленьня адукацыі Віцебскай вобласьці. У біяграфіі новасьпечанага намесьніка міністра адзначаецца валоданьне ангельскай мовай. Акрамя іншага спадар Будкевіч зоймецца і рэформай вышэйшай адукацыі, адным з вынікаў якой мусіць стаць падвышэньне ўзроўню валоданьня ангельскай сярод выпускнікоў ВНУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1576 seconds.