Марк Шагал на вулічнай выставе ў Менску

Плошча Якуба Коласа ў цэнтры Менску ператварылася ў вулічную галерэю. Усё лета тут, пад адкрытым небам, будзе працаваць выстава рэпрадукцый выбітнага беларускага мастака Марка Шагала. 19 вялікіх стэндаў паказваюць карціны, гісторыя стварэньня якіх зьвязаная зь Беларусьсю. Адкрыцьцё ўжо прыцягнула шмат гледачоў і сучасных дзеячоў культуры. Пра тое, як эўрапейская традыцыя мастацкіх вулічных выставаў прыйшла ў Беларусь — у рэпартажы Generation.by.

Падзея прысьвечаная сьвяткаваньню 125-годзьдзя Шагала. На выставе сабраныя 19 прац мастака. Кожная рэпрадукцыя суправаджаецца гісторыяй пра стварэньне і асаблівасьці карціны на чатырох мовах — беларускай, рускай, ангельскай і французскай. Арганізатары адзначылі, што суправаджальны тэкст гэтак жа важны, як і самі карціны, паколькі любая праца Шагала — гэта набор знакаў, гісторый і ўзаемасувязяў, веды якіх могуць цалкам змяніць успрыманьне карціны. Сама выстава арганізуецца Мінгарвыканкамам супольна з фондам «Ідэя».

На адкрыцьці быў і амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры:

«Мы не змаглі застацца абыякавымі ў адносінах да такога мерапрыемства, усёткі Марк Шагал зьяўляецца грамадзянінам Францыі. Наша краіна прыняла яго, таму што ён ня мог разьвіваць сваё мастацтва на радзіме, на сваёй зямлі. Марк Шагал працаваў у Францыі ў імя мастацтва ўсяго свету».

Пра актуальнасьць падзеі распавядае Generation.by Віктар Радзькоў, сузаснавальнік фонду «Ідэя», адзін з арганізатараў выставы.

«Такія выставы зьмяняюць прастору гораду. Мы жадаем, каб горад стаў больш прыгодны для жыцьця. А яшчэ мы хочам, каб беларусы памяталі, што Шагал — беларус. Для нас ня мае сэнсу, чый ён там грамадзянін, бо ён — наш. Усё жыцьцё Шагал узгадваў пра Віцебск, вось гэта істотна. Нам неабходна папулярызаваць творчасьць Шагала, ён варты таго, каб пра яго больш ведалі».

Адкрыцьцё выставы было даволі ўрачыстым, але без магчымага патасу — цёпла і па-мастацку. Працы Шагала маюць сваеасаблівае чараўніцтва, таму і само адкрыцьцё нагадвала частку нейкага чароўнага спэктаклю з шматлікімі цікавосткамі. Так, сярод натоўпу ўзвышаліся шляхетна апранутыя людзі на хадулях, якія выглядалі сапраўднымі волатамі. Тут жа разгарнулася вясёлая пастаноўка «Фотафрэнія» вулічнага інтэрактыўнага тэатру Мусташ, што моцна пацешыла мінакоў.

Адзін з хлопцаў побач распавядае, як патрапіў у шумны натоўп на Якуба Коласа:

«Усё так утульна неяк, цёпла. Мяне ж гэтая цеплыня і прывабіла, ішоў побач і адчуў нейкую энэргію дзіўную. Вось таму я і тут. Да Эўропы набліжаемся ці што? Цяжка паверыць».

Для Менску гэта сапраўдная падзея, бо такія буйныя вулічныя выставы пакуль рэдкасьць для нас. У мінулым годзе тут жа праходзіла выстава дызайнэрскіх плякатаў «Дыялёг дызайну», якая карысталася значнай папулярнасьцю.

Як аказалася, шмат хто ня верыў у тое, што выставу ўсё ж такі дазволяць правесьці. Так, архітэктарка Ірэна кажа:

«Я проста радая, што гэта ў нас ёсьць, бо я думала, што забароняць і гэта. Мастацтва — гэта ж свабода, а зь ёй у нас бываюць праблемы. Гэта маленькі кволенькі крок у параўнаньні з тым, што робіцца ў Эўропе, але ж дзякуй і за гэта».

Выстава на плошчы Якуба Коласа стане часткай вялікага творчага праекту пад назвай «Мастак і горад», асноўныя мерапрыемствы якога пройдуць з чэрвеня па верасень. Прадстаўнікі Мінгарвыканкаму папярэдне агучвалі жаданьне найперш наблізіць творчасьць сусьветна вядомага выхадца Беларусі да людзей, вывеўшы ягоныя працы з музэйных сьцен на гарадзкія вуліцы. Задума ўдалася, і падзея ўжо сабрала шмат зацікаўленых.

«Гэта вельмі значная падзея. Людзі павінны ведаць сваіх герояў у твар, як бы банальна гэта не гучала. Вельмі цудоўна, што працы выстаўляюцца ў цэнтры гораду — кожны можа ісьці і пабачыць іх, даведацца штосьці новае пра мастака ды й наагул для агульнага разьвіцьця, чаго вельмі не хапае нашым людзям», — дзеліцца ўражаньнямі студэнтка Юля.

«Вельмі класна, што ладзяцца такія мерапрыемствы. Іх можа наведаць шмат людзей, якія выпадкова праходзілі тут. Такое цудоўнае надвор'е, цікавыя карціны, прыемна. Праўда, было б лепш, каб подпісы да прац былі больш інфарматыўнымі», — дадае студэнтка журфаку.

Праўда, сярод наведнікаў ёсьць і крытыкі, якіх рэпрадукцыямі не спакусіш.

«Нічога дзіўнага, як і ўсё ў Беларусі. Што можа быць добрага ў рэпрадукцыях? Я ня ведаю. Не разумею, навошта гэта ўвогуле ладзіцца», — не пабаяўся выказаць свае ўражаньні адзін студэнт, чым адразу прыцягнуў да сябе ўвагу ды шквал абураных заўвагаў ад наведнікаў побач.

Незвычайны для Менску, аднак такі чаканы фармат вулічнай выставы, прыцягнуў на адкрыцьцё і шмат сучасных дзеячоў культуры і мастацтва. Так, сярод іншых застаем за фатаграфаваньнем на фоне сусьветна вядомых карцін Шагала арт-дырэктарку галерэі сучаснага мастацтва «Ў» Ганну Чыстасердаву з калегамі:

«Дзякуй арганізатарам за тое, што яны пачалі працаваць з гарадзкой прасторай. Гэта толькі першыя крокі для Менску, і вельмі прыемна пабачыць мастацкія творы ня толькі ў галерэях і музэях, але ж і на вуліцах гораду. Вельмі добра, што ў нас ёсьць магчымасьць даведацца больш пра нашых суайчыньнікаў, якія жылі ў Беларусі. Я спадзяюся, што гэта толькі першая рэтраспэктыва, і мяркую, што арганізатары змогуць зладзіць яшчэ шмат такіх выставаў. Бо ў нас яшчэ шмат вядомых імёнаў, якія ня так вядомыя як Шагал, але якіх таксама ня трэба забываць».

Фотарэпартаж з адкрыцьця вулічнай выставы Марка Шагала

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0809 seconds.