Беларусь трапіла ў дзесятку самых гаротных краінаў сьвету

Беларусь трапіла ў дзесятку самых гаротных краінаў сьвету

Аб тым, што беларусы жывуць ня надта заможна, яны даўно падазравалі. Але цяпер рэсурс Business Insider расставіў усё па месцах. Беларусі выпала незайздросная дзесятая пазыцыя сярод самых гаротных краінаў сьвету.

Пра гаротнасьць краінаў шмат чаго можа распавесьці ўзровень беспрацоўя і здольнасьць насельніцтва набываць сабе ўсё менш і менш прадуктаў, мяркуюць у буйным амэрыканскім фінансавым выданьні Business Insider. Менавіта гэтыя два парамэтры: інфляцыя ды ўзровень беспрацоўя, а таксама простая эканамічная тэорыя Артура Оркума — сталі падставай для фармаваньня рэйтынгу найбольш гаротных краінаў сьвету.

У ім Беларусь апынулася на незайздроснай дзесятай пазыцыі. З краін СНД у большай галечы за нас жывуць толькі жыхары Туркмэністану (4-я пазыцыя). Затое троху лепш, чым у Беларусі, сытуацыя з эканомікай у такіх краінах, як Лісота, Гаіці і Аўганістан. Першы радок у антырэйтынгу заняло Зымбабвэ, дзе дагэтуль кіруе Робэрт Мугабэ.

Так нізка апусьціцца ў гэтым даволі спрэчным эканамічным рэйтынгу Беларусі дазволіла рэкордная інфляцыя ў 2011 годзе. Паводле дадзеных ЦРУ (менавіта іх дадзенымі карысталіся ў Business Insider пры складаньні рэйтынгу), у мінулым годзе тэмпы інфляцыі ў нас склалі 52.4%. Па гэтым паказчыку мы ўжо вядомыя лідэры ў сьвеце.

Business Insider проста склаў тэмпы інфляцыі з доляй беспрацоўных. Паводле гэткай сумесі «ежа ды вужа» і выбудаваўся рэйтынг. Верагодна, ён кажа хутчэй не пра галечу, але пра тэмпы апусканьня ў яе. Сапраўды, у 2011 годзе беларусы страцілі вельмі шмат. Але ўжо ў 2012 годзе тэмпы інфляцыі не такія шакуючыя, і мы ўжо наўрад ці зноўку апынемся ў кампаніі Свазілэнду і Аўганістану. Хацелася б верыць, прынамсі. 

Хаця атрымліваецца верыць ня надта, бо яшчэ задоўга да крызысу 2011 беларусы лічылі сябе амаль самымі няшчаснымі на Зямлі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0954 seconds.