Для каго беларускія ВНУ адчыняюць дарагія ангельскамоўныя магістратуры

Упершыню ў гісторыі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце можна будзе атрымаць дыплём, карыстаючыся ў навучаньні выключна ангельскай мовай. Сёлета такія магістратуры ў Беларусі адчыняюць эканамічныя і тэхнічныя ВНУ. Навучаньне ў іх каштуе нямала і разьлічанае найперш на замежнікаў. Але ці паедуць яны засвойваць радыёэлектроніку і кампутарныя навукі ў Беларусь?

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт плянуе адкрыць англамоўную магістратуру па некалькіх тэхнічных спэцыяльнасьцях у новым навучальным годзе. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі павялічвае набор у ангельскамоўныя магістратуры: цяпер такіх праграмаў будзе пяць. Адкрывае першую праграму на замежнай мове і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт.

«У вышэйшай адукацыі ў Беларусі ёсьць шмат плюсаў — у тым ліку яна захоўвае лепшыя савецкія традыцыі, мае невысокі кошт», — распавядаюць у БДУ.

Але за год навучаньня ў БДЭУ замежнікам прыйдзецца выкласьці 3 500 даляраў (беларусам «толькі» $2 900). Такая самая цана навучаньня на ангельскай і ў БДУІР.

Для параўнаньня, сэмэстар навучаньня, напрыклад, у Індыйскім тэхналягічным інстытуце ў Канпуры, што ўваходзіць у ТОП-30 лепшых тэхнічных унівэрсытэтаў сьвету па вэрсіі QS World University Rankings, абыдзецца замежнікам у $1–2 тыс. Праграмы навучаньня лепшай тэхнічнай ВНУ сьвету — Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту — каштуюць каля $40–42 тысячаў.

Умовы паступленьня выключна лібэральныя. Напрыклад для таго, каб запісацца ў студэнты магістратуры «Міжнародная эканоміка і гандлёвая палітыка» БДЭУ, замежнікам з эканамічнай адукацыяй дастаткова толькі даказаць сваё веданьне ангельскай мовы на сумоўі. Прыкладна такія ж умовы залічэньня і ў БДУІР.

Хто прэтэндуе на беларускае навучаньне «ў лепшых савецкіх традыцыях»

БДУІР тры гады таму стаў першай ВНУ ў краіне, якая распачала падрыхтоўку замежных грамадзян на ангельскай мове. Нядаўна ва ўнівэрсытэце з усімі ўрачыстасьцямі раздавалі дыплёмы першым выпускнікам  адной зь дзьвюх магістэрскіх праграмаў унівэрсытэту: «Мэтады і сыстэмы абароны інфармацыі, інфармацыйная бясьпека».


Фота першых 6-ці выпускнікоў ангельскамоўнай магістратуры з сайту БДУІР

Першыя шэсьць ангельскамоўных беларускіх магістрантаў аказаліся выключна іракскага і нігерыйскага паходжаньня. На ўручэньне дыплёмаў з такой нагоды нават прыбылі іракскія дыпляматы.

«Для нас гэта быў вельмі адказны і нават рызыкоўны крок, да якога мы ішлі не адзін год, — заявіў на ўручэньні рэктар БДУІР Міхаіл Батура. — Вучэбны плян утрымлівае 56 дысцыплін, і па ўсіх іх мы павінны былі знайсьці і падрыхтаваць калектывы выкладчыкаў».

«Але сёньня мы ўжо можам з задавальненьнем канстатаваць, што наш досьвед аказаўся пасьпяховым, — цытуе рэктара БДУІР «Звязда». Лепшы доказ — той факт, што ў нас на наступны навучальны год ужо ёсьць 12 заяваў ад ахвотных навучацца ў ангельскамоўнай магістратуры замежных грамадзян. Значыць, іх папярэднікаў задаволіла і якасьць адукацыі, і ўмовы навучаньня».

На грамадзянстве новых жадаючых павучыцца на беларускай зямлі рэктар БДУІР вырашыў не спыняцца. А дарэмна. Зь вялікай верагоднасьці прыёмная камісія БДУІР хутка сустрэне некалькі новых абітурыентаў зь Іраку ды Нігерыі. Урад першых актыўна падтрымлівае адукацыйныя праграмы для сваіх студэнтаў у многіх краінах сьвету. Нігерыйскія ж студэнты — ужо сапраўдная «фішка» БДУІР. Нядаўна некалькі дзесяткаў студэнтаў з гэтай краіны, што таксама паступілі ў БДУІР, літаральна ўзьнялі на вушы ўвесь Менск сваёй біяграфіяй: аказалася, што да прыезду ў Менск студэнты былі прафэсійнымі баевікамі з дэльты ракі Нігер.

Не сакрэт, што беларускіх адукацыйных чыноўнікаў біяграфія новасьпечаных студэнтаў не асабліва турбуе. Галоўнае, каб плацілі грошы. Аб тым, што адной з галоўных новых задачаў беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі стане экспарт адукацыйных паслугаў, прасьцей кажучы, атрыманьне валюты, ня раз казалі чыноўнікі самых розных узроўняў.

У пагоні за рэнтабэльнасьцю (якую «ніхто не абмяжоўвае» — цытата зь дзяржаўнай «Звязды») беларускай адукацыі перашкаджае пакуль толькі адна неспадзяванка: выкладаць па-ангельску ў Беларусі здольныя ня так і шмат спэцыялістаў. Рэктар БДУІР нават прапанаваў стварыць базу спэцыялістаў, якія добра валодаюць замежнай мовай і гатовыя выкладаць на ёй.

А пакуль БДУІР працуе сваімі сіламі. І адчыняе яшчэ 2 ангельскамоўныя магістратуры.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1232 seconds.