Беларусь таксама прызнае заходнія дыплёмы?

Празь некалькі дзён пасьля рашэньня расейскага прэм’ер-міністра прызнаць дыплёмы 211 лепшых унівэрсытэтаў сьвету, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў аналягічную беларускую практыку, якая патрабуе ад уладальнікаў замежных дыплёмаў праходжаньня адмысловай камісіі. Двухбаковыя дамовы аб прызнаньні дыплёмаў заключаныя толькі зь некалькімі суседнімі краінамі.

«Мне дакладваюць, што нават маладыя людзі, якія выехалі за мяжу і атрымалі там адукацыю па спэцыяльнасьцях, якіх у нас у ВНУ няма, ня могуць вярнуцца сюды і нармальна працаўладкавацца, таму што не ўрэгуляваныя пытаньні з дыплёмамі, — заявіў сёньня Аляксандр Лукашэнка. — Калі добры спэцыяліст прыехаў з-за мяжы, якая розьніца, які ў яго дыплём!»

Лукашэнка турбуецца, што таленавітая моладзь ня мае магчымасьці па вяртаньні ў Беларусь прызнаць свой замежны дыплём, таму зьязджае з краіны. «Калі хтосьці едзе за мяжу - калі ласка, але дзяржава гэта павінная арганізоўваць і ад гэтага атрымліваць эфэкт», — дадаў ён.


Кадр з мультфільму Васілёк

Цяпер двухбаковыя дамовы аб прызнаньні дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі дзейнічаюць адносна, напрыклад, літоўскіх і польскіх дакумэнтаў. Калі ж дыплём атрыманы, напрыклад, у Чэхіі ці Нямеччыне, то ўладкавацца зь ім на працу ў Беларусі проста так нельга, гэтак сама як і працягнуць адукацыю ў беларускай ВНУ. Спачатку дыплём мусіць прайсьці адмысловую камісію па пытаньнях акадэмічнага прызнаньня дакумэнтаў.

Яшчэ цяжэй сытуацыя з акадэмічнымі ступенямі магістра ці доктара навук: дзеля прызнаньня ў Беларусі іх прыходзіцца фактычна абараняць наноў.

Некалькі дзён таму прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў загад, паводле якога дыплёмы 211 вядучых ВНУ сьвету будуць прызнавацца ў Расеі. У сьпіс увайшлі такія ВНУ, як Оксфардзкі, Кэмбрыджзкі, Гарвардзкі і Стэнфардзкі ўнівэрсытэты. У далейшым расейская дзяржава плянуе фінансаваць навучаньне некаторых сваіх студэнтаў у ВНУ з гэтага сьпісу.

Акрамя гэтага вядома, што ў Беларусі распрацоўваецца дадатак да дыплёму аб вышэйшай адукацыі эўрапейскага ўзору. У ім будзе адлюстраваная інфармацыя аб колькасьці праслуханых гадзін, адзнаках і крэдытах, якія набраў студэнт за час свайго навучаньня. Увядзеньне новага варыянту дыплёму спрасьціць прызнаньне беларускай адукацыі за мяжой.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0324 seconds.