Для прызнаньня замежных дыплёмаў ствараецца адмысловы цэнтар

У Беларусі будзе створаны Нацыянальны цэнтар экспэртызаў і прызнаньня дакумэнтаў (кваліфікацыяў) аб адукацыі. Праект прапановы аб цэнтры ўжо распрацаваны. Дагэтуль гэтымі пытаньнямі займаўся адмысловы аддзел.

Асноўная мэта гэтай структуры — вызначыць парадак пацьверджаньня дакумэнтаў аб адукацыі, адпаведнасьць пэрыядаў навучаньня і курсаў аб вышэйшай адукацыі, якія грамадзянін прайшоў у сваёй краіне.

Дзеяньне пастановы будзе распаўсюджвацца на тыя ўстановы, якія маюць акрэдытацыі, ліцэнзіі або атэстаты, зацьверджаныя на дзяржаўным узроўні у краінах, якія дыплём выдалі.

Апошнія пяць год пытаньнямі ­выдачы заключэньняў аб акадэмічным прызнаньні займаўся аддзел па экспэртызе.

«Калі грамадзянін любой дзяржавы сьвету пажадае працягнуць адукацыю ў Беларусі або ўладкоўваецца на працу ў арганізацыю, у якой ён абавязаны прадставіць свой дыплём аб вышэйшай адукацыі, ён ідзе да нас. Мы абавязаныя якасна разглядаць усе звароты, але выдаваць заключэньні на дыплём, напрыклад, пра тое, што чалавек атрымаў вышэйшую адукацыю, праслухаўшы курс у якойсьці прыватнай ініцыятыве, наведаў сэмінар і г.д., мы ня можам», — паведаміў кіраўнік аддзела па экспэртызе Сяргей Алюнін.

Дзяржаўны дакумэнт аб адукацыі мусіць несьці ў сабе адмысловую інфармацыю, быць належным чынам аформленым, і зацьверджаным у адпаведных інстанцыях. У Беларусі ёсьць банк дадзеных дакумэнтаў, якія выдаюцца ў ВНУ іншых краін.

У 2007 168 заключэньняў па пытаньнях акадэмічнага прызнаньня дакумэнтаў выдалі спэцыялісты аддзелу па экспэртызе і прызнаньню дакумэнтаў аб адукацыі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы пры БДУ, паведаміў ­БЕЛТА кіраўнік аддзелу.

У асноўным яны былі выдадзеныя грамадзянам Расеі і Польшчы. Таксама ў сьпісе жадаючых працаваць або вучыцца на Беларусі, і адпаведна, тых, хто пацьвярджаў свае дакумэнты, — жыхары Ўкраіны, краінаў Балтыі, Англіі, ЗША, Ірака, Гішпаніі.

­­­
Уні Вера 15:17, 29/01/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.