За апошнія 5 гадоў у Беларусі былі зачыненыя амаль паўтысячы школ

Сёлета ў Беларусі стане на 114 школаў меней. Мінадукацыі працягвае палітыку на ліквідацыю ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі, найперш вясковых, дзе вучняў не хапае, а настаўнікаў можна без праблем звольніць. Пры гэтым у большасьці такіх школаў выкладаньне, у адрозьненьні ад гарадзкіх, вядзецца па-беларуску.

Цяпер у Беларусі 594 школы, дзе вучняў меней за 50. Пяць гадоў таму такіх было больш за 1 000, але многія зь іх былі зачыненыя. Сёлета Мінадукацыі працягне ліквідацыю вясковых школаў.

У 2012 годзе будуць зачыненыя 114, а рэарганізавана — 96 школаў. Агулам за 5 апошніх гадоў колькасьць такіх устаноў зьменшылася на 460, саміх навучэнцаў стала менш на 228 тысячаў чалавек. Аб гэтым заявіў намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно, перадае TUT.BY.

Цікава, што за тыя самыя 5 гадоў у Беларусі акрыліся толькі 34 новыя школы. Шанцы захавацца маюць толькі тыя вясковыя школы, што разьмешчаныя ў аграгарадках, «за ракой», альбо бліжэйшая школа знаходзіцца далей, чым у 15 км.

Чыноўнікі кажуць, што праблему «непэрспэктыўных» сельскіх школ яны будуць вырашаць за кошт падвозу навучэнцаў у буйнейшыя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.

Менавіта вясковыя школы застаюцца апошняй цьвярдыняй беларускай мовы ў сыстэме адукацыі. Да прыкладу, гісторыя Беларусі па-беларуску там вывучаюць 20–25%. У гарадзкіх школаў такіх вучняў ня болей за 5%. Тое ж самае і зь геаграфіяй Беларусі: у вёсках 56% вучняў праходзяць прадмет на мове тытульнай нацыі, а ў гарадзкіх школах гэты паказчык нашмат меншы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.