Студэнтаў сельскагаспадарчай акадэміі не пускаюць за мяжу

Студэнтаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, што ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласьці, не пускаюць на вытворчую практыку за мяжу. Студэнты моцна расчараваныя, а кіраўніцтва акадэміі тлумачыць, што ў краіне ідзе навядзеньне парадку ў сфэры выезду за мяжу.

У Горацкай сельгасакадэміі скасаваная сыстэма праходжаньня за мяжой студэнцкіх вытворчых практык. Паводле інфармацыі дэкана ў справе міжнародных сувязяў Сьвятланы Насковай, летась за мяжу выяжджала 600 студэнтаў, у асноўным на фэрмы ў Вялікабрытанію. Гэта была легальная магчымасьць для маладых людзей папрацаваць за мяжой, атрымаць досьвед і зарабіць грошы, гаворыць Сьвятлана Наскова.

(Наскова: ) “У нас усё было арганізавана “ад” і “да”, падшытая кожная паперчына наконт кожнага студэнта, кожнага факультэту. Цяпер гэта ўсё разбурана, абсалютна”.

Цяпер каб адпраўляць студэнтаў за мяжу, трэба мець ліцэнзію. У акадэміі яе няма, а таму, гаворыць Васіль Неўдах, які выконвае абавязкі рэктара, у справах выезду за мяжу ад навучальнай установы ўжо нічога не залежыць.

(Неўдах: ) “Гэта справа дзяржаўная, і пры навядзеньні парадку ў дзяржаве і складаных, напэўна, узаемаадносінах з замежжам, гэтае пытаньне трэба рэгуляваць”.

Васіль Неўдах запэўнівае, што прафэсійная падрыхтоўка спэцыялістаў сельскай гаспадаркі ад скасаваньня замежных паездак не пацерпіць. Практыку можна прайсьці ў беларускіх калгасах, а шукаць замежных заробкаў студэнтам цяпер раяць на вакацыях.

Тыя студэнты, якія пасьпелі аформіць усе дакумэнты на выезд за мяжу, усё ж моцна спадзяюцца, што на практыку яны сёлета паедуць. Тым больш, што за квіткі, візу і рабочую картку яны заплацілі прыстойныя грошы — ад 600 даляраў. Хаця пэўнасьці ў гэтым пытаньні няма. Ёсьць зьвесткі, што студэнтам не дазваляюць здаць датэрмінова сэсію, каб зьехаць. Гаворыць студэнт акадэміі:

(Студэнт: ) “Некаторыя кажуць, што ўвогуле паступалі сюды ў акадэмію з-за таго, што тут ёсьць такая магчымасьць, як выезд за мяжу, і заробкі там неблагія. І выказваюцца думкі наконт таго, што вінаватае і кіраўніцтва краіны, напэўна, бо яно мае незразумелую пазыцыю што да выездаў за мяжу”.

На сайце факультэту міжнароднай эканомікі акадэміі сытуацыя абмяркоўваецца на форуме. Некаторыя моцна абураюцца, некаторыя пішуць, што чакалі забароны. А адзін студэнт прапанаваў пачаць 11 красавіка страйк, акцыю пратэсту.

Радыё Свабода

13:45, 12/04/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.319 seconds.