У Драздах адкрылі роварны сэзон

У нядзелю на беразе вадасховішча «Дразды» распачалі вэласэзон 2012 менскія раварысты.

Райвыканкам даў дазвол на правядзеньне імпрэзы толькі 30 красавіка, на рэкляму мерапрыемства заставалася некалькі дзён, але 270 удзельнікаў зарэгістраваліся ў спаборніцтвах. Яшчэ болей за сотню параў ровар-чалавек проста каталіся па беразе пляжу №8 па зьвестках Яўгена Харужага, аднаго з арганізатараў падзеі.

Скаціўшыся зь лясных узгоркаў ды схілаў, праехаў жоўта-сінію браму «Поехали» — і трапляеш на рэгістрацыю да ўсьмешлівых дзяўчынак. Удзел у спаборніцтвах — бясплатны.

На тэрыторыі сьвята працавала веламайстэрня, дзе дасьведчаныя хлопцы дапамагалі праверыць і наладзіць мэханізм ровара. Пры жаданьні можна было ўзважыць свайго каня і пачаставацца гарбатай з самавару на вуглях. І ўвесь гэты прыемны сэрвіс таксама бескаштоўны.

Калі сонца заняло вышэйшую кропку на небасхіле, арганізатары Аляксандр Радзько і Яўген Харужы запрасілі ўсіх на старт. Распачаліся спаборніцтвы з дрэгрэйсінгу. Гэта парныя заезды на дыстанцыі каля 150м з выбываньнем павольнейшага ўдзельніка. Абавязковым атрыбутам удзельнікаў мусіў быць шлем.

Надалей дзеткі паказвалі фігурнае кіраваньне на разьмечанай трасе даўжынёй каля 50м. Трэба было прайсьці трасу ня толькі за мінімальны час, але і не дакранаючыся зямлі нагой або колам разьметкі.

У гэты ж час вялізная чарга пастроілася ў чаканьні мапы з заданьнямі. Гэта быў старт велаарыентаваньня. Дзеля перамогі ў ім неабходна хутчэй адшукаць як мага больш пазначаных на мапе кантрольных пунктаў.

Сьледам арганізатары пачалі заклікаць дзяўчынак прыняць удзел у конкурсе «Міс вела». Напачатку прыгажуні праяжджалі трасу «Сьлімака». Гэта значыць, што перамагала тая, каторая ехала больш павольна. Пасьля трэба было, кіруючы роварам, зьняць зь сябе любую частку вопраткі і кінуць яе як мага бліжэй да старту. Некаторыя кідалі станікі на радасьць хлопцам.

Завяршальным этапам спаборніцтваў стала крос-кантры. Гэта алімпійскі від спорту, кальцавая гонка па перасечанай мясцовасьці. Разынку фіналу спаборніцтваў дадаў праліўны дождж, які аднак нікога не засмуціў, а хутчэй наадварот надаў імпэту.

Болей фотак у нашым фотаблогу → Адкрыцьцё роварнага сэзону ў Менску

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.