Студэнтам дазволілі паезьдзіць бясплатна яшчэ месяц

Студэнты менскіх ВНУ і каледжаў будуць езьдзіць бясплатна да 1 ліпеня. А вярнуць права на бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ім могуць ужо з 1 верасьня.

Мэрыя сталіцы перагледзела ранейшыя пляны па адмене бясплатнага праезду для студэнтаў дзённых аддзяленьняў. Раней плянавалася, што плаціць за квіткі прыйдзецца ўжо з 1 чэрвеня. Але цяпер стала вядома, што студэнтам працягнуць пэрыяд бясплатнага праезду яшчэ на месяц: да 1 ліпеня да пачатку вакацый.

«Адмяніць бясплатны праезд студэнтам плянуецца на летнія вакацыі. Далей гэтае пытаньне будзем зноў разглядаць. Хутчэй за ўсё, льгота будзе вернутая», — заявіла намесьніца мэра Менску Жанна Бірыч.

Як паведамляе агенцыя «Мінск-Навіны», школьнікі як і раней будуць езьдзіць бясплатна, у тым ліку і на вакацыях.

Раней мэр сталіцы Мікалай Ладуцька падкрэсьліваў, што бясплатны праезд — «мера на цяжкі пэрыяд».

«Калі мы ў мінулым годзе пайшлі на гэты крок [бясплатны праезд], мы сказалі, што гэта не на стагодзьдзі вечныя, а як элемэнт сацыяльнай падтрымкі ў цяжкі пэрыяд», — сказаў мэр месяц таму.

Як выглядае па рыторыцы ўладаў, яны б з радасьцю назаўжды пазбавіліся ад такога «элемэнту сацыяльнай падтрымкі»:

«Скончацца вакацыі, у жніўні мы яшчэ раз зьбярэмся, абмяркуем, усе разам узважым і прымем рашэньне, як будзем дзейнічаць далей, каб яно адпавядала і інтарэсам гораду Менска, і ўсіх сацыяльных слаёў насельніцтва», — казаў Мікалай Ладуцька. Ён прапанаваў навучэнцам зарабіць на аплату праезду ў атрадах БРСМ.

Паводле папярэдніх заяваў кіраўніцтва мэтрапалітэну, да траціны ўсіх пасажыраў у мэтро езьдзяць бясплатна. Збольшага гэта студэнты. Напрыклад, на станцыі «Барысаўскі тракт» 40% пасажыраў — студэнты. Таму чыноўнікі вырашылі залатаць дзіркі ў гарадзкім бюджэце двума шляхамі: падвышэньнем тарыфаў (верагодна, таксама зь лета) і адменай бясплатнага праезду.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0663 seconds.