Хуткі цягнік да Вільні спазьняецца на тры гады

У 2015 годзе шлях да Эўразьвязу зь Менску зойме толькі дзьве гадзіны. Такі час зойме падарожжа са сталіцы Беларусі да Вільні хуткаснымі цягнікамі, якія закупяць на эўрапейскія грошы.

Цяпер на падарожжа зь Менску да Вільні прыходзіцца траціць каля 3 гадзін. Хаця яшчэ год таму той жа шлях цягніком займаў да 4 з паловаю гадзін. Сёньня першы намесьнік генэральнага дырэктара літоўскай чыгункі заявіў Альбэртас Шыменас, што праз год шлях скараціцца яшчэ на паўгадзіны, а з 2015 году ён увогуле зойме толькі 2 гадзіны.

Скарачаць працягласьць маршруту будуць праз набыцьцё новых «камфортных і экалягічных» цягнікоў (яны будуць езьдзіць з 2013 году) і перанос памежнага кантролю на вакзалі. Сродкі на ўсё гэта ўжо вылучыў Эўрапейскі Зьвяз. Кошт праекту — каля 200 мільёнаў даляраў.

Літоўскія памежнікі будуць правяраць дакумэнты ўжо на вакзалі ў Вільні, а беларускія — таксама на вакзалі альбо непасрэдна ў дарозе.


Так цяпер выглядае расклад руху цягніку Менск-Вільня

Хуткасны цягнік Менск-Вільня называецца беларускімі ўладамі сярод найбольш пасьпяховых праектаў супрацоўніцтва Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам у апошнія гады. Прапанова скараціць час вандроўкі зь Менску да Вільні прагучала ад беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага на сустрэчы са сваім літоўскім калегам Андрыюсам Кубілюсам у канцы красавіка 2010 году. Тады Сідорскі прапанаваў выкарыстаць ініцыятыву «Ўсходняе партнэрства» для пуску хуткаснага цягніка паміж Вільняй і Менскам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.