Да Вільні за 3 гадзіны можна будзе даехаць ужо з траўня
Значна хутчэйшым стане цягнік Менск-Вільня, які з ужо 29 траўня зьмяняе расклад руху і будзе прыбываць у сталіцу Літвы за 3 гадзіны замест ранейшых 4. Таксама зь ліпеня зьявіцца новы цягнік зь Менску да Рыгі.
Скрыншот зь сюжэту АНТ
Першы цягнік па новым раскладзе стартуе ўвечары ў 19:05 29 траўня зь Вільні і прыбудзе ў Менск усяго праз 3 гадзіны ў 22:05. Гэта болей чым на гадзіну хутчэй за вандроўку на цяперашнім цягніку Магілёў-Вільня. Дарэчы, магілёўскі цягнік з 29 траўня адмяняецца.
Ранішні цягнік будзе выходзіць зь Менску ў 7:45 і прыбываць у літоўскую сталіцу таксама праз 3 гадзіны. Цягнікі да Вільні і Менска будуць выконвацца сумесна зь літоўскімі чыгуначнікамі.
Кошты за праезд, у адрозьненьні ад часу руху, зьменяюцца нязначна. Самы танны квіток будзе каштаваць 30 560 бел. руб. Дарэчы, агульных вагонаў у цягніку таксама ня будзе — застаюцца «сідзячыя», плацкарт і купэйныя.
Хуткасьць руху падвышаная за кошт адмены большасьці прыпынкаў (застаецца толькі 2-хвілінная стаянка ў Маладзечна), а таксама дзякуючы зьмяншэньню працягласьці памежнага дагляду (агулам з гадзіны да 34 хвілін).
1 чэрвеня адкрыецца яшчэ адна брама ў Прыбалтыку: цягнік Менск-Рыга. Першапачаткова беларускія чыгуначнікі плянавалі, што гэты цягнік пройдзе празь Літву, але пасьля ад ідэі прыйшлося адмовіцца, і цягнік зь Беларусі будзе ісьці адразу ў Латвію. Цягнік будзе адпраўляцца ў Рыгу штодня, а ў восеньскі час — два разы на тыдзень.
Расклад руху новага цягніку Менск-Вільня
Вандроўка на эўрапейскія грошы
Віленскі цягнік «паскорыўся» роўна праз год пасьля сустрэчы беларускага прэм’ера Сідорскага са сваім літоўскім калегай, на якой першы прапанаваў выкарыстаць ініцыятыву «Ўсходняе партнэрства» для пуску хуткаснага цягніка паміж Вільняй і Менскам.
Першапачаткова плянавалася, што за 3 гадзіны да Эўразьвязу стане магчымым дабрацца з 1 ліпеня 2011. Але нядаўна стала вядома, што праект атрымалася рэалізаваць хутчэй. Далейшыя яго этапы выглядаюць наступным чынам:
- Скарачэньне часу руху цягніка паміж Менскам і Вільняй да 2.5 гадзіны;
- Час знаходжаньня ў дарозе паміж сталіцамі скароціцца да 2 гадзін. На мяжы кантролю ня будзе. Яго будуць праводзіць на менскім і віленскім вакзалах.
Хуткасны цягнік Менск-Вільня называецца беларускімі ўладамі сярод найбольш пасьпяховых праектаў супрацоўніцтва Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам у апошнія гады. На яго фінансаваньне Беларусь і Літва шукаюць і атрымліваюць грошы ад эўрапейскіх структураў. Кошт праекту — каля 200 мільёнаў даляраў.