Фота забароненага некалі беларускага абраду прызнанае адным зь лепшых на конкурсе Sony

Беларусы працягваюць заяўляць аб сабе на міжнародных фотаконкурсах. На адным з найбольш вядомых зь іх адзначылася беларуская фотажурналістка Марына Бегункова. Яе здымак абраду зь Любаншчыны ўвайшоў у дзесятак лепшых фота ў намінацыі «Мастацтва і культура».


Абрад Русальле праславіўся дзякуючы фота Марыны Бегунковай

Карэспандэнтка газэты «Звязда» Марына Бегункова ў чэрвені мінулага году рабіла рэпартаж аб абрадзе Русальле ў вёсцы Загальле Любанскага раёну. Адзін са здымкаў з Загальля журналістка даслала на буйнейшы ў сьвеце фотаконкурс Sony World Photography Awards (SWPA).

Здымак быў заўважаны з больш чым 52 тысячаў іншых працаў і трапіў у ТОП-10 лепшых у катэгорыі «Мастацтва і культура» . Пераможцам быў абраны, на жаль, аўтар іншага здымку, але месца ў дзесятцы мацнейшых у адным з найбольш вялікіх фотаконкурсаў сьвету, удзел у якім бяруць прадстаўнікі 171 краіны, значыць даволі шмат.


Гэты здымак Паўднёвай Маравіі перамог у адной з катэгорый Sony World Photography Awards

Дзякуючы Марыне фота беларускіх дзяўчын зь Любаншчыны трапіць у выніковы альбом зь лепшымі здымкамі SWPA, а з 27 красавіка па 20 траўня яно будзе выстаўленае ў Лёндане.

Русальле (русала) — паганскае сьвята, якое адбываецца ў канцы Русальнага тыдня. Паводле легенды, водныя гаспадыні выходзілі з вады і апальвалі жыта, такім чынам дапамагаючы яму ўрадзіць. Пры гэтым яны маглі і загубіць маладых мужчын. Таму жанчыны стараліся задобрыць сваіх саперніц. Пасьля абраду русалкі, звычайна, супакойваліся да наступнага году. Праводзіць Русальле доўгі час забаранялася, але зараз гэты абрад адрадзілі на Любаншчыне.

Sony World Photography Awards — найбуйнейшы ў сьвеце конкурс фатаграфіі. Ён прадугледжвае асобны конкурс для прафэсіяналаў, у якім удзельнічаюць працы вядучых сусьветных фатографаў і «сур’ёзных аматараў», а таксама адкрыты конкурс для ўсіх, хто захапляецца фатаграфіяй. Для фатографаў маладзейшых за 20 гадоў сёлета адбыўся асобны конкурс.


Павал Церашкавец чарговы раз дамагаецца посьпеху на буйным сусьветным фотаконкурсе. У лістападзе 2011 посьпех прыйшоў праз конкурс амэрыканскага часопісу National Geographic

У Лёндан зьбіраецца яшчэ адзін беларускі фатограф Павал Церашкавец, які трапіў у лік фіналістаў фотаконкурсу Professional Photographer of the Year (PPOTY) 2011. Яго здымак быў названы ў ліку лепшых у катэгорыі Breaking the Mould.

Хаця паездка на цырымонію шанаваньня пераможцаў конкурсу для Паўла цяпер пад пытаньнем: у сваім блогу ён адзначае, што візавыя перашкоды могуць прымусіць яго адмовіцца ад вандроўкі ў Лёндан.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1944 seconds.