Менскім раварыстам далі волю

Пачатак роварнага сэзону ў Менску супаў з добрымі навінамі з ДАІ: аўтаінспэкцыя дазволіла езьдзіць па веладарожцы на праспэкце Незалежнасьці без спыненьня на пешаходных пераходах. Цяпер адзінай перашкодай для раварыстаў на другой па памерах велатрасе Менска засталіся сьветлафоры.

Экспэрымэнтальная роварная дарожка, спалучаная з ходнікамі, зьявілася на праспэкце Незалежнасьці (частка ад вул. Янкі Купалы да вул. Філімонава) ў Менску ўвосень. На яе працягу замянілі бардзюры на больш нізкія, трасу пазначылі адпаведнымі знакамі і разьметкай, даволі ўмоўна падзялілі роварную і пешаходную зоны.

Аднак ад пачатку ДАІ заявіла, што нягледзячы на адпаведныя знакі, правілы патрабуюць ад раварыстаў спыняцца на пешаходных пераходах і пераадольваць іх разам з роварам. Пераязджаць дарогу на ровары беларускія правілы забараняюць.

Патрабаваньне стала прычынай канфліктаў паміж раварыстамі і супрацоўнікамі ДАІ. На гэтым тыдні сытуацыя на веладарожцы чарговы раз абвастрылася. Як піша onliner.by, на скрыжаваньні праспэкту і вуліцы Я. Купалы супрацоўнікі ДАІ спынілі раварыста, які перасякаў дарогу, не злазячы са свайго транспартнага сродку. Яму патлумачылі, што ён павінен быў сьпешыцца, і прызначылі штраф за парушэньне ПДР.

Роварная супольнасьць абурылася, у выніку чаго прэс-служба ДАІ была вымушаная выступіць з тлумачэньнямі. Паводле заявы, на скрыжаваньні роварнай дарожцы на праспэкце Незалежнасьці з праезнай часткай «вэлясыпэдысты маюць перавагу ў руху і могуць праяжджаць вуліцы і ня сьпешвацца». Цяпер адзінай перашкодай на такіх скрыжаваньнях для менскіх раварыстаў засталіся сьвятлафоры.

Такім чынам, ДАІ прызналі даўнюю памылку, а штраф для аўтара прэцэдэнту адмянілі. Таксама прэс-служба зьвярнулася і да аўтамабілістаў. Аўтаінспэкцыя просіць іх «улічваць арганізацыю роварнага руху ўздоўж праспэкту Незалежнасьці і быць гатовымі зьнізіць хуткасьць нават да спыненьня, каб саступіць дарогу іншым удзельнікам дарожнага руху».

Будаўніцтва роварных дарожак у Менску спыненае, а за галоўную зь існых плянуюць браць плату

Яшчэ некалькі гадоў таму кіраўніцтва Менска заяўляла, што зьбіраецца пабудаваць у горадзе да 500 км. роварных трасаў. Але з-за крызысу ад амбітных плянаў у мэрыі, гледзячы па ўсім, вырашылі адмовіцца.

Як стала вядома ў лютым, яшчэ напрыканцы 2011 году намесьнік мэра Менска разаслаў ліст, у якім загадаў спыніць будаўніцтва роварных трасаў у горадзе. На які час уведзены мараторый, не зразумела.

Тым часам улады разглядаюць яшчэ адну ідэю — увядзеньня платы за карыстаньне адзінай не спалучанай з ходнікамі роварнай дарожцы Менка. Яна праходзіць праз увесь горад уздоўж Сьвіслачы і карыстаецца вялікай папулярнасьцю сярод менчукоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0772 seconds.