17 лютага — дзень спантаннай дабрыні

17 лютага — дзень спантаннай праявы дабрыні (Random Acts of Kindness Day). У свой час міжнароднае сьвята стала ініцыятывай дабрачынных арганізацый. І сёньня той самы час рабіць дабро сябрам, блізкім і нават проста незнаёмцам. А для тых, хто разгубіўся, ёсьць некалькі парадаў, з чаго пачаць.

Часам забываемся, што на плянэце жыве 7 мiльярдаў людзей. І кожны пяты мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе. Прыемныя і добрыя справы, часта не патрабуюць ад чалавека вялікіх намаганьняў або выдаткаў, але іх сілу пераацаніць нельга. Такiя ўчынкі, нават самыя нязначныя, але добрыя, будуць помніцца доўгія гады.

А яшчэ добрымі справамі можна «заразіць» усіх вакол. Варта проста пачаць зьдзяйсьняць маленькія прыемныя дробязі для сяброў, блізкіх або проста незнаёмых людзей. Дарэчы, добрыя справы паляпшаюць самаадчуваньне, паднімаюць настрой ды ачышчаюць карму:) Таму наперад!

А для тых, хто разгубіўся, падкажу некалькі варыянтаў, чым добрым можна заняцца з такой нагоды.

  • Вунь на вуліцы лютуюць халады, а ёсьць тыя, у каго няма свайго даху над галавой. Можна дапамагчы ім. Пакармі бяздомных жывёл, зьезьдзі ў прытулкі або ў пункты часовага знаходжаньня бяздомных. Дапамога дакладна ня будзе лішняй.

  • Дзіцячыя дамы таксама маюць патрэбу ў падтрымцы. Не хапае цацак, адзеньня, канцылярскіх тавараў. Разьбяры свае старыя рэчы, раптам знойдзеш нешта, што можа спатрэбіцца ім.

  • Наведай сваіх бацькоў альбо проста патэлефануй, нагадай пра сваю любоў ды проста падзякуй, што выгадавалі цябе такім чалавекам.

  • Таксама можна дапамагчы хворым дзеткам. Зьезьдзіць у анкалягічныя цэнтры, пагутарыць зь імі, пацешыць, падтрымаць іх бацькоў. Адчуваць падтрымку ў такіх справах вельмі важна.

  • Прапусьці чалавека ў чарзе наперад. Можа ён гэтага не заўважыць і не падзякуе, але тое, што ты гэта зрабіў, дакладна падыме табе настрой.

  • Падары сябру білет на канцэрт або ў кіно. Пабачыць радасьць сябра — што можа быць лепей?

  • Саступі бабульцы або чалавеку сталага ўзросту месца ў грамадзкім транспарце. А маладыя хлопцы могуць і дзяўчынам. Ясна, што так трэба паступаць заўжды, а ў такі дзень дык тым болей. Нельга будзе не заўважыць прыемнае зьдзіўленьне ў іх вачах, а ў галаве, мабыць, праскочыць думка, што не перавяліся яшчэ джэнтэльмэны.

  • Дашлі ананімны падарунак або паштоўку зь цёплымі пажаданьнямі каму-небудзь са знаёмых. Часам бачыш, што ў чалавека нейкія праблемы альбо проста дрэнны настрой, а ня ведаеш як дапамагчы, дык прынамсі ўвагай можна падтрымаць.

  • Як можна часьцей усьміхайся. «От улыбки хмурый день светлей, от улыбки в небе радуга проснется. Поделись улыбкою своей, и она к тебе не раз еще вернется». Бо так сьпяваецца ў вядомай дзіцячай песьні? Як мага часьцей старайся дзяліцца сваёй усьмешкай, глядзіш, і сьвет вакол сапраўды стане дабрэй.

Ды шмат можа быць варыянтаў яшчэ. І кожны можа абраць варыянт па душы і працягнуць гэты сьпіс. Галоўнае, каб усё ішло ад чыстага сэрца. Дык чым зоймесься сёньня?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1543 seconds.