«Непасрэдныя» будаўнікі, ахоўнікі, бугальтары і пчалаводы выставілі свае працы ў галерэі

Непасрэдныя

Гэтыя людзі не атрымлівалі мастацкай адукацыі, не былі заўважаныя на адкрыцьцях выставаў, аднак сталі ўдзельнікамі і героямі самага сапраўднага мастацкага праекту. Падбіў іх на гэтую ідэю, аддаў пад іх творы сьцены галерэі «Ў» і запрасіў на фуршэт мастак Раман Аксёнаў. Тым самым пераможца конкурсу маладых мастакоў зрабіў сацыяльны экспэрымэнт.

Выстава, якую мастак назваў «Непасрэдныя», стала вынікам і галоўным прызом Конкурсу Smart Art, што быў адрасаваны маладым мастакам-пачаткоўцам зь Беларусі, якія працуюць у сфэры сучасных візуальных мастацтваў. Сябе Аксёнаў назваў «пасрэдным» (бо залежны ад сыстэмы мастацтва), а для ўдзелу ў праекце зьвярнуўся да людзей, не зьвязаных з культурай. Іх працы, як і іх саміх, малады мастак і прэзэнтаваў у галерэі «Ў».

Непасрэдныя

Як тлумачаць куратары выставы, праект дэманструе клясычны прыём сацыяльна ангажаванага мастацтва, калі глядач зьяўляецца стваральнікам твора, а мастак адыходзіць на другі «пасрэдны» плян. Relation Art вельмі папулярны ў замежжы, ён прываблівае гледачоў сваім экспэрымэнтатарскім духам і непрадказальным вынікам.

Непасрэдныя

Сярод «Непасрэдных» звычайныя на першы погляд людзі: бугальтар, настаўнік, вайсковец, перакладчык, будаўнік, хатняя гаспадыня, маці з дачушкай, мэдработніца, студэнтка, пчалавод, касманаўт ды іншыя.

Непасрэдныя

Непасрэдныя

Не разбэшчаныя такімі прэзэнтацыямі і ўвагай публікі «непасрэдныя» няроўным натоўпам таўкліся ў галерэі. Нехта няўпэўнена стаяў ля сваёй працы, пазуючы тэлекамэры і хаваючы сьціпласьць за сьпінамі сяброў. Нехта нарэзваў колы ў радыюсе стала зь віном. Іншы хапаў за рукаў і цягнуў да сваёй працы, каб распавесьці канцэпт. Усё, як у сапраўдных непасрэдных творцаў. Што для вас мастацтва? — задаваў пытаньне ўдзельнікам мастак. «Паветра», «сродак данесьці свой сьвет», «цяжкая праца», «магчымасьць зрабіць нешта вялікае», «усё».

Болей здымкаў з адкрыцьця выставы — у фотаблогу Generation.by

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1009 seconds.