Галерэя «Ў» назвала лепшым маладым мастаком «Чалавека з вуліцы»

Вызначаны пераможца конкурсу маладых мастакоў Smart Art, які зь вясны мінулага году ладзіла галерэя «Ў». Ім стаў Раман Аксёнаў з праектам «Непасрэдныя», які плянуецца рэалізаваць у галерэі ў лютым. Цягам яго далучыцца да мастацтва зможа любы чалавек з вуліцы.


Фота з адкрыцьця мінівыставы Рамана Аксёнава

Галоўны прыз конкурсу Smart Art — пэрсанальная выстава пераможцы, якая адкрыецца ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» 14 лютага — дастаўся Раману Аксёнаву. Конкурс праходзіў у некалькі этапаў. У яго паўфінал трапілі шэсьць праектаў. Усе яны былі паказаныя на дадатковай пляцоўцы галерэі «Ў».

Цяпер праца пераможцы наноў прыйдзе на найбольш папулярную пляцоўку сучаснага мастацтва ў Менску. Толькі ўжо ў якасьці «сур’ёзнага» праекту.

Раман Аксёнаў абяцае прыцягнуць на VIP-адкрыцьцё яго выставы незвычайных для галерэі жыхароў гораду, паабяцаўшы ім «фуршэт і славу». На месцы гледачам будзе прапанавана паспрабаваць самастойна намаляваць нешта на палатне ды выказацца пра ўласны досьвед ды мастацтва ў цэлым. Вынік экспэрымэнту — палотны, аб’екты, дакумэнты, відэа-інтэрв’ю, выразкі з газэт — будзе апублікаваныя для шырокага гледача.

Па яго словах, галоўная фішка праекту — непрадказальнасьць. А таксама магчымасьць вычапіць з шэрай масы творцаў, паказаўшы, што маса зусім ня шэрая, а як мінімум рознакаляровая. Далучыцца да мастацтва па вэрсіі Аксёнава можна будзе 14 лютага ў галерэі «Ў».


Дэманстрацыя праекту Рамана Аксёнава

Прыз глядацкіх сымпатый: галасаваньне пачалося

Між тым яшчэ адзін прыз конкурсу — смартфон Samsung Galaxy Gio — усё яшчэ шукае свайго ўладальніка. Ім можа стаць любы з шасьці паўфіналістаў паводле онлайн галасаваньня, у якім могуць узяць удзел усе жадаючыя. Для гэтага варта:

  • прагледзець адмысловы плэй-ліст Smart Art на канале velcombelarus;
  • прагледзець шэсьць ролікаў-прэзэнтацый конкурсных праектаў;
  • прагаласаваць за найбольш зацікавіўшы вас праект, націснуўшы кнопку «спадабалася» пад ролікам.

Галасаваньне спыняецца 5 лютага ў 23:59. Уручэньне спэцыяльнага прызу паводле галасаваньня сярод гледачоў адбудзецца 9 лютага.

Конкурс Smart Art заснаваны галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» і кампаніяй velcom, адрасаваны маладым мастакам-пачаткоўцам з Беларусі, якія працуюць у сфэры сучасных візуальных мастацтваў. У выніку на конкурс было прынята больш за 70 заявак, з якіх журы выбрала шэсьць праектаў-паўфіналістаў.

У прафэсійнае журы увайшлі: Уладзімір Цэсьлер, Руслан Вашкевіч, Валянціна Кісялёва, Дзіана Цыбульская, Вольга Шпарага і Сяргей Кірушчанка. Аргкамітэт конкурсу: мастак Сяргей Шабохін і арт-дырэктар галерэі сучаснага мастацтва «Ў"Ганна Чыстасердава.

У лік пераможцаў, якія прайшлі на апошні этап трапілі група txyz.info (Саша Іўлеў, Воля Карэлькіна, Кацярына Шах), Мікалай Бялько, Раман Аксёнаў, Тацьцяна Прудзіньнік, група FAU (Іван Краўцоў, Арцём Паламаны), а таксама творчы дуэт Андрэя Анкуды і Тараса Калгіна. Усе шэсьць канцэпцый-пераможцаў былі па чарзе рэалізаваны ў галерэі «Ў» у выглядзе выставаў-прэзэнтацый.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1473 seconds.