Як чалавек з вуліцы можа стаць аўтарам твораў мастацкай галерэі

Госьці абступілі невялікую бялюткую сьцяну галерэі, на якой пакрокава прамалявана, як аўтар сыходзіць на другі плян, а на першы выходзіць ягоны герой з выніковым творам — наіўным конікам на палатне. З тэлеэкрану вяшчаюць зусім не крытыкі і багемныя пэрсанажы, а разважаюць пра мастацтва і ствараюць творы звычайныя цёткі, дзядзькі, мінакі. Адзін з такіх герояў у старых татухах, пыльных сандалях, зь няўпэўненай постацьцю стаіць з келіхам фуршэтнага шампаню сярод гасьцей на прэзэнтацыі «сацыяльнага экспэрымэнту».

Учора ў галерэі «Ў» прайшла прэзэнтацыя канцэпцыі другога фіналіста ў межах конкурсу Smart Art для маладых мастакоў-пачаткоўцаў. Свой праект Раман Аксёнаў назваў «Непасрэдныя», сябе ж перайменаваў у «пасрэднага», то бок залежнага ад сыстэмы мастацтва.

Творы да гэтай выставы аўтар не вымалёўваў у сваёй мастацкай кельлі, а прыхапіў відэакамэру, пэндзлі і палатно ды пайшоў на вуліцу. Ягоныя героі — звычайныя людзі, якія жывуць па-за межамі культурніцкіх тэндэнцый ды ніколі не наведвалі мастацкія галерэі. У межах праекту менавіта гэтыя героі выходзяць на першы плян і ствараюць творы. Хто па ўласным жаданьні, а хто пагаджаецца толькі за пару тысячаў беларускіх, як прысутны ў залі герой, для якога памяшканьне галерэі «Ў» добра знаёмае яшчэ па ранейшым ягоным прызначэньні. Нагадаем, раней тут быў пункт прыёму шклатары. 

Непрадказальнасьць выніку інтрыгуе найперш. Раман так і гаворыць: «Гэта праект пра людзей. Калі пытаеш іх нешта, то табе першы сустрэчны такое выдае, чаго ты ну ніяк не чакаў. Атрымліваецца, людзі не такія, як мы прызвычаіліся думаць. Гэта ня шэрая маса, а кожны мае сваю разынку».

Калі ў конкурсе пераможа менавіта гэты канцэпт, то аўтар прыцягне на VIP-адкрыцьцё выставы незвычайных для галерэі жыхароў горада, паабяцаўшы ім «фуршэт і славу». На месцы гледачам будзе прапанавана паспрабаваць самастойна намаляваць нешта на палатне ды выказацца пра ўласны досьвед ды мастацтва ў цэлым. Вынік экспэрымэнту — палотны, аб’екты, дакумэнты, відэа-інтэрв’ю, выразкі з газэт — будзе апублікаваны для шырокага гледача.

Куратары праекту называюць такі прыём сацыяльна ангажаваным мастацтвам, мастацтвам узаемадачыненьняў, relation art, калябарацыйным мастацтвам, калі глядач зьяўляецца стваральнікам твора, а мастак адыходзіць на другі «пасрэдны» плян. Relation Art вельмі папулярны ў замежжы, ён прываблівае гледачоў сваім экспэрымэнтатарскім духам і непрадказальным вынікам.

Гэта другая з шасьці выставаў-канцэпцый, якія прайшлі на наступны ўзровень конкурсу Smart Art. Першымі свае мастацкія пошукі прэзэнтавалі ўдзельнікі каманды Txyz.info, якія сумясьцілі мастацтва і навуку. Па выніках конкурсу пераможца атрымае права зладзіць пэрсанальную выставу ў галоўнай залі галерэі «Ў» на пачатку 2012 года. Пакуль прэзэнтацыі фіналістаў ідуць на невялікай пляцоўцы ў галерэі. «Непасрэдныя» будуць там дасяжныя да 11 жніўня.

tarka 14:00, 29/07/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2584 seconds.