«Трайпл» хацеў стварыць у Менску ўнівэрсытэт «узроўню Кэмбрыджу»

Прапанову аб стварэньні «міжнароднага ўнівэрсытэту вышэйшага ўзроўню» беларускія чыноўнікі атрымалі ад неназванай «арабскай карпарацыі» два гады таму. Цяпер высьветлілася, што пад псэўданімам «карпарацыя» хавалася беларуская фірма «Трайпл», якая хутка астыла да праекту — грошы было вырашана ахвяраваць на іншае.

Сэнсацыя аб стварэньні ў Беларусі «філіялу сусьветна вядомых ВНУ — Кембрыджскага, Гарвардзкага, Маскоўскага» — зьявілася прыкладна два гады таму. Тады аб пачатку падрыхтоўкі да стварэньня заканадаўчай базы для міжнароднага ўнівэрсытэту казаў міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў. Быў нават распрацаваны адпаведны плян, вылічаныя фінансавыя выдаткі, якія прадставілі прэм’ер-міністру.

Аднак плян так і застаўся плянам, а ідэя ня створанага ў Менску ўнівэрсытэту адышла ў нябыт.

Цяпер старшыня пастаяннай камісіі парлямэнту па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Ўладзімір Здановіч у інтэрвію interfax.by праліў сьвятло на даўнюю гісторыю.

«У свой час сапраўды прапрацоўвалася ідэя стварэньня ў Беларусі міжнароднага ўнівэрсытэту. Ініцыятарам, наколькі мне вядома, выступала кампанія «Трайпл», — кажа дэпутат, які быў адным з аўтараў прынятага прыкладна ў той самы час Кодэксу аб адукацыі.

Паводле яго, пачаць хацелі зь невялікай прыватнай ВНУ. Нават назоў прыдумалі — «Новая школа эканомікі і бізнэсу». Набраць плянавалася для пачатку толькі 500 студэнтаў.

«Была створаная працоўная група, у склад якой увайшлі рэктары найбуйнейшых ВНУ, прадстаўнікі зацікаўленых міністэрстваў, у тым ліку міністэрства фінансаў і замежных спраў, і іншых органаў выканаўчай улады. Групай быў падрыхтаваны праект адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы», — кажа Здановіч.

Аднак «арабская карпарацыя», якой аказалася кампанія «Трайл», пад кантролем якой знаходзяцца самыя розныя актывы: ад вытворчасьці каўбасы да нафтавых вышак, — хутка астыла да пашырэньня ў Беларусі веды «ўзроўню Кэмбрыджу». Хутчэй за ўсё, па фінансавых прычынах.


Уладальнік «Трайпл» Юры Чыж хутка астыў да беларускай адукацыі

«Бо нават звычайны ўнівэрсытэт — гэта ня толькі студэнты і выкладчыкі, але і будынкі, абсталяваньне, зямельны ўчастак, камунальныя выдаткі. Акрамя гэтага, міжнародны ўнівэрсытэт патрабуе яшчэ і фінансавых сродкаў на аплату працы вядомых выкладчыкаў з-за мяжы, прычым, сродкаў немалых», — кажа Здановіч. Паводле ягонага меркаваньня, беларускі «міжнародны ўнівэрсытэт» зачыніў валютны крызыс.

«У бліжэйшы час узьнікненьне міжнароднага ўнівэрсытэту малаверагодна», — лічыць дэпутат. Паводле ягоных словаў, актывізаваць ідэю можна, але ўжо, хутчэй, пад крылом дзяржавы. І, пажадана, некалькіх — «да прыкладу, Расеі і Беларусі».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0741 seconds.