У Беларусі зьбіраюцца стварыць «міжнародны ўнівэрсытэт вышэйшага ўзроўню»

Міністэрства адукацыі абдумвае магчымасьць адкрыцьця ў Менску міжнароднага ўнівэрсытэту. Чыноўнікі кажуць аб «філіялах сусьветна вядомых ВНУ — Кембрыджскага, Гарвардзкага, Маскоўскага».

Аб пачатку падрыхтоўкі да стварэньня заканадаўчай базы для міжнароднага ўнівэрсытэту, які плянуецца адчыніць у Менску, паведамляе БелТА. Курыруе праект першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук. Ужо 19 красавіка праект нарматыўна-прававога акту, распрацаваны групай Жука, мусіць быць прадстаўлены прэм’ер-міністру.

Як паведамлялася раней, прапанова аб стварэньні «міжнароднага ўнівэрсытэту вышэйшага ўзроўню» беларускія чыноўнікі атрымалі ад неназванай «арабскай карпарацыі». Плянуецца, што дзякуючы праекту ў Менску можа зьявіцца філія аднаго з буйнейшых унівэрсытэтаў сьвету. Назва яго пакуль не раскрываецца, але з вуснаў намесьніка міністра ўжо гучалі такія словы, як МГУ, Кэмбрыдж і Оксфард.

«Гэты праект таксама прадугледжвае падрыхтоўку і перападрыхтоўку беларускіх выкладчыкаў у вядучых сусьветных ВНУ з атрыманьнем адпаведных дыплёмаў», — заявіў тады спадар Жук.

Цяпер у Беларусі існуе 53 ВНУ, тры зь якіх маюць у сваім назове слова «міжнародны». Гэта Міжнародны дзяржаўны экалягічны ўнівэрсытэт імя А. Д. Сахарава, Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут і Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін.

На верасень 2009 году ў Беларусі было каля 430 тысяч студэнтаў, толькі 9 тысяч зь якіх мелі пашпарт грамадзяніна іншай краіны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0636 seconds.