Чэмпіён у Эўравізе

Беларусь — першая ў сьвеце па колькасьці шэнгенскіх візаў на чалавека. Дзе лягчэй за ўсё атрымаць візу, а куды лепей пашпарт не аддаваць? Дзе болей за ўсё выдаюць шматразовых візаў, а хто скупіцца і на аднаразовыя?

Шэнгенская віза дазваляе вандраваць па Эўрапейскім зьвязе. Атрымаўшы, да прыкладу, эстонскую візу, беларус можа даехаць зь ёй да Партугаліі. Але, каб займець візу, трэба папацець: каштуе яна ня так мала (60 эўра). І перад тым, як плаціць, трэба даказаць дыпляматам, што ёсьць падставы для наведваньня іх краіны (напрыклад, праз запрашэньне) і маецца дастатковая колькасьць грошай на жыцьцё.

Гледзячы па ўсім, беларусы спраўляюцца з гэтай задачай на «выдатна». У дакрызысны 2010 год наша краіна заняла першае месца па колькасьці выдадзеных Шэнгенскіх візаў на аднаго жыхара краіны.

Эўрапейцы выдалі беларусам болей за 428 тысячаў візаў тыпу С (кароткатэрміновых, па якіх можна знаходзіцца ў ЭЗ ня болей за 90 дзён на паўгады). Для параўнаньня, індыйцы, якіх на сьвеце накапілася болей за мільярд, атрымалі каля 406 тысячаў Шэнгенскіх візаў, а туркі, якіх у сем разоў болей за беларусаў — толькі 522 тысячы.

Аб гэтым сьведчаць дадзеныя Эўрапейскай камісіі, апублікаваныя на яе афіцыйным сайце.

Што такое Шэнген

Шэнгенская зона, або Шэнген — гэта краіны-ўдзельніцы шэнгенскай дамовы, якія пагадзіліся кіравацца адзінымі правіламі для выдачы ўязных візаў грамадзянам замежных дзяржаў.

Грамадзянам Беларусі для наведваньня шэнгенскіх краін неабходна афармляць турыстычную візу тыпу С. Яе варта запытваць у консульстве той краіны, якая будзе асноўнай для меркаванага падарожжа.

Кожная трэцяя віза — шматразовая

Кожная трэцяя віза, якую ў 2010 атрымлівалі беларусы, дазваляла па некалькі разоў езьдзіць у Эўропу. Болей за ўсё такіх візаў выдалі літоўцы, палякі і італьянцы. Такую візу просты турыст не атрымае, таму многія пераплачваюць за яе сотні эўра — толькі б мець магчымасьць бесперашкодна катацца ў Вільню і Варшаву ў любы момант.

Яшчэ ў 2009 годзе па паказчыку выдадзеных на душу насельніцтва візаў першае месца ва ўсім сьвеце займала маленькая Македонія. Але цяпер грамадзяне гэтай краіны, а таксама Сэрбіі могуць езьдзіць у ЭЗ бязь візаў. Гэта, а не раптоўны рост выдадзеных беларусам Шэнгенскіх візаў, вывела нашу краіну на першае месца ў сьвеце па візах на аднаго чалавека. Агульная колькасьць выдадзеных беларусам візаў за год нават троху скарацілася — з 449 да 429 тысячаў.

Зь вялікім адставаньнем ад Беларусі на другім месцы па гэтым паказчыку знаходзяцца краіны, грамадзяне якіх плацяць амаль у два разы меншы кошт за візы і могуць атрымліваць іх у спрошчаным парадку: Расея, Украіна, Грузія. Атрымліваецца, беларусы і бязь візавай лібэралізацыі могуць атрымаць Шэнген. Затое колькі б нэрваў і грошай зэканоміла б беларусам увядзеньне спрошчаных правілаў атрыманьня візаў.

Чаму беларусы плацяць за візу 60 эўра?

Вопыт іншых краін паказвае: у адзінай Эўропе ўсіх чакаюць настолькі, наколькі яны самі гатовыя зь ёй зьбліжацца. Натуральна, у Эўразьвязе хапае сваіх унутраных праблем, і Беларусь для яго — не галоўны прыярытэт.

У неапраўдана высокіх коштах візаў можна вінаваціць і ЭЗ, і беларускія улады. У Кіева і Масквы атрымалася своечасова дамовіцца з Брусэлем і падпісаць Пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму — таму грамадзяне гэтых краін плацяць за візу менш. Мінск вырашыў «адседзецца» — таму цану ў 60 эўра за пафігізім уладаў плацяць звычайныя беларускія грамадзяне. Але ўсё ж такі ёсьць падставы спадзявацца, што адпаведнае пагадненьне калі-небудзь падпіша і Беларусь.

Лідэры па колькасьці выдадзеных візаў

Не адстаюць беларусы па абсалютнай колькасьці выдадзеных візаў і ад краін з найвялікшым насельніцтвам. Гэтак, першае месца па выдадзеных візах займае Расея, грамадзяне якой штогод атрымліваюць болей за 4 мільёны візаў (найперш, у амбасадзе Фінляндыі). Расейцы атрымалі ў 2010 годзе амаль на 600 тысячаў візаў болей, чым у 2009.

На другім месцы па абсалютнай колькасьці выдадзеных візаў Украіна, на трэцім — Кітай. На пятым ідзе Беларусь.

Якія краіны выдаюць беларусам болей за ўсё візаў?


Візы для беларусаў: хто выдаў болей за ўсё, а хто болей адмовіў?

Болей за ўсё візаў у 2010 годзе беларусы атрымалі ў трох польскіх кансулятах: у Менску, Гародні і Берасьці. Зь іх лідзіруе прадстаўніцтва Польшчы ў Менску. А вось болей за ўсё адмоваў (як і найбольшую долю мультывізаў) выдаў кансулят у Гародні.

На другім месцы па колькасьці выдадзеных віза — Літва. Гэта краіна выдала беларусам болей за 100 тысячаў візаў. Кожны соты беларус патэнцыйна мог хадзіць з літоўскай візай у пашпарце. І калі б кожны зь іх заплаціў за візу па 60 эўра (а большасьць так і робіць), то Літва б толькі ў 2010 годзе зарабіла на жаданьні беларусаў выехаць за мяжу да 6 млн. эўра.

Трэцяе месца зь вялікім адрывам ад лідэраў заняла Нямеччына, амбасада якой прадстаўляе яшчэ інтарэсы шэрагу краін, якія ня маюць сваіх кансулятаў у Беларусі. Гэта і Нідэрлянды, і Аўстрыя, і Данія. Ад таго, верагодна, і паходзіць лічба ў 68 тысячаў візаў у мінулым годзе.

Далей ідзе яшчэ адна суседка Беларусі — Латвія. За ёй Італія, Чэхія, Францыя. Найменшую колькасьць візаў у мінулым годзе выдала амбасада Славакіі — амаль 3 тысячы.


Краіны-лідэры па колькасьці выдадзеных візаў беларусам у 2010 годзе

Куды лепей пашпарт не насіць

Каб гарантавана трапіць у ЭЗ, пашпарт пры наяўнасьці запрашэньня варта несьці найперш у польскі ці літоўскі кансуляты. Менавіта ў іх колькасьць адмоваў у візах мінімальная і не перавышае адсотка. А вось найбольшую колькасьць адмоваў у візах атрымліваюць тыя, хто падае дакумэнты ў прадстаўніцтвы Эстоніі і Чэхіі. У першым адмовіць могуць зь верагоднасьцю 4%.

Але ж 4% — не такое высокае значэньне. Калі параўнаць зь сярэдняй доляй адмоваў у шэнгенскіх візах па ўсім сьвеце — каля 7%. Ці сярэднім бэльгійскім «рэйтынгам» адмоваў — ён дасягае 18%. Гэта значыць, што амаль кожны пяты заяўляльнік па шэнгенскую візу ў амбасаду Бэльгіі атрымліваў у ёй адмову.

Адчуваньне, што эўрапейцы вельмі моцна давяраюць беларусам. Гэта становіцца зразумела, калі параўнаць колькасьць адмоваў у візах для грамадзян нашай краіны з гэтым жа паказчыкам у многіх азіяцкіх ці нават паўднёваамэрыканскіх краінах. Напрыклад, кожнае другое візавае прашэньне жыхароў Банглядэшу ў амбасаду Нямеччыну ў 2010 годзе адхілялася. Тое ж з грузінамі: Эстонія не задаволіла трэцюю частку прашэньняў аб візах грамадзян Грузіі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.