Стыпэндыі выйшлі на рэкорд

У студзені беларускія студэнты атрымаюць рэкордныя стыпэндыі. Пераднавагоднія зьмены ў заканадаўстве прыраўнялі выплаты да ўзроўню 2008 году, калі беларускія студэнты мелі максымальныя за гісторыю незалежнасьці стыпэндыі. Цяпер мінімальная стыпэндыя складзе $44, а максымальная ў БДУ — $92.

Перад новым годам Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які ўжо другі раз за шэсьць месяцаў перагледзеў парадак налічэньня студэнцкіх стыпэндый. Галоўнай зьменай стала скасаваньне яшчэ нядаўна ўведзеных адмысловых даплатаў ураду і павелічэньне каэфіцыенту, які вызначае, якую частку ад стаўкі першага разраду атрымаюць навучэнцы кожны месяц у якасьці стыпэндый.

рост стыпэндыі

Павелічэньне каэфіцыентаў, а таксама рост самой стаўкі зь першага студзеня 2012 году ўзьнялі беларускія стыпэндыі на забытыя ўжо, здавалася, вышыні. У выніку стыпэндыі ня проста выйшлі на дакрызысны ўзровень, але яшчэ і паўтарылі гістарычны максымум, дасягнуты напрыканцы 2008 году. Тады за некалькі тыдняў да першай навагодняй дэвальвацыі мінімальныя выплаты навучэнцам ВНУ склалі $44.

Цяпер студэнты ВНУ будуць атрымліваць мінімум 376 тысячаў рублёў ці тыя ж самыя $44 у месяц. Яшчэ болей (на 30%) атрымаюць навучэнцы БДУ. Да 60% болей атрымаюць выдатнікі. Указ таксама падвышае выплаты (на 6% — цяпер $180) асьпірантам і нешматлікім беларускім дактарантам (на 18% — цяпер $245). Магістранты-негуманітарыі будуць атрымліваць ад $70.

У 2011 годзе стыпэндыі падвышылі ледзь не штомесяц. Але валютная паніка лёгка «зьядала» іх да моманту зьяўленьня даляраў у банках і ўсталяваньня рынкавага курсу. Калі ліпеньскія мінімальныя стыпэндыі раўняліся $31, то верасьнёўскія «ўзьнялі» да $26, кастрычніцкую — да $25. Лістападаўская ж складзе $34.

Такім чынам, зь верасьня стыпэндыі вырасьлі амаль на 70%.

Максымальныя стыпэндыі ў нашай краіне маюць студэнты Акадэміі кіраваньня і БДУ. Цяпер максымум, на які можа разьлічваць студэнт БДУ, што вучыцца на выдатна, — 782 тысячы рублёў ці $92. Гэтая сума блізкая да мінімальнай заплаты, якую нядаўна таксама чарговы раз праіндэксавалі.

*усе разьлікі ў валюце пазначаныя на момант абвяшчэньня аб адпаведным падвышэньні стыпэндый

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.064 seconds.