Плату за навучаньне ізноў падвышаюць

Міністэрства адукацыі думае, на колькі яшчэ ўзьняць плату за навучаньне. За 2011 год яе ўжо падвышалі тройчы.

Аб «вызначэньні прагнозу кошту платнага навучаньня на бліжэйшы час» структурамі Міністэрства адукацыі паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу міністэрства.

Аб тым, зь якога месяцу і на колькі мільёнаў ВНУ уздымуць кошты, не паведамляецца. Але Мінадукацыі «традыцыйна» ўздымае кошты адразу пасьля росту заробкаў бюджэтнікаў, які адбыўся з 1 студзеня 2012 году. Верагодна, менавіта ад гэтага месяцу беларускім студэнтам прыйдзецца плаціць яшчэ болей за сваю адукацыю.

Акрамя росту тарыфнай стаўкі першага разраду пры разьліку новых адукацыйных коштаў будзе ўлічваецца таксама рашэньне аб падвышэньні заробкаў выкладчыкаў, якія ня маюць навуковай ступені, на 50%, а таксама «павышэньне іншых коштаў і тарыфаў на працы, у тым ліку на камунальныя паслугі».

Іnterfax.by са спасылкай на сваю крыніцу ў адным з ВНУ прагназуе рост коштаў на 27.5% сыходзячы з росту тарыфнай стаўкі на 32.5%. Калі гэта лічба апынецца праўдзівай, студзеньскі рост (верагодна, як звычайна ва многіх унівэрсытэтах, «задняй датай»), будзе рэкордным нават для тарыфаў у беларускіх ВНУ, што бесперапынна індэксуюцца цягам апошняга году.

Апошні раз кошты на адукацыю расьлі ў лістападзе — у сярэднім на 20–25%. Да гэтага іх уздымалі ў жніўні. А першае і пакуль самае вялікае падвышэньне адбылося ў разгар зімовай сэсіі 2011 году. Тады студэнты даведаліся, што за навучаньне прыйдзецца выкладаць прыкладна на чвэрць болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.

А са студзеня 2012 году адукацыя на найбольш прэстыжных спэцыяльнасьцях БДУ можа каштаваць першакурсьнікам да 12 мільёнаў рублёў у год.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0918 seconds.