Першая выстава Цэнтру сучасных мастацтваў

Цэнтар, які падтрымліваецца Міністэрствам культуры, працуе ўжо год, але цяперашняя выстава «Праз клясыку да сучаснасьці» стала на яго плошчы першай. Адкрыцьцё выставы наведалі міністар культуры Латушка і міністар замежных спраў Мартынаў.

Першая выстава ў гісторыі дзяржаўнага Цэнтру сучасных мастацтваў сабрала некалькіх тэматычных экспазыцый, інсталяцый і прэзэнтацый відэа-арту, паведамляе прэс-служба Міністэрства культуры. На ёй прадстаўленыя скульптуры Валерыя Малахава і Валяр’яна Янушкевіча, відэа-арт Кацярыны Кенігсбэрг і загадкавы праект творчай групы «Нэонавая галава».

На адкрыцьці прысутнічаў міністар культуры Павал Латушка, паведамляе БелаПАН. Ён назваў заснаваньне цэнтру «вельмі добрай магчымасьцю для рэалізацыі таленавітымі маладымі людзьмі сваіх ідэяў, ініцыятываў, можа, чагосьці надзвычайнага, чаго раней ніколі не было ў мастацтве нашай краіны».

Латушка паабяцаў «у верасьні-лістападзе зрабіць буйны праект, выставу сучаснага мастацтва, які аб’яднае ўсе цікавыя ідэі ў мастацтве нашай краіны».


Сучасныя міністры: Латушка і Мартынаў наведалі першую выставу ў Цэнтры сучасных мастацтваў

Дагэтуль сучаснае мастацтва ў Менску амаль выключна асацыявалася з галерэяй «Ў», што таксама ёсьць цэнтрам гэтага ж самага беларускага мастацтва. Цяпер дзяржава стварае паралельны праект ва ўмовах, калі далёка ня кожны твор мастацтва можа быць выстаўлены на музэйных пляцоўках гораду.

Адкрыцьцё Цэнтру сучасных мастацтваў лябіяваў міністар культуры Павал Латушка. А рашэньне «ствараць» было прынятае яшчэ ў верасьні 2010 году. Тады плянавалася разьмясьціць цэнтар у пустым будынку ў парку Чалюськінцаў. Але ў лістападзе памёр народны мастак Беларусі, акадэмік Міхаіл Савіцкі. І амаль адразу ж яго майстэрню вырашылі перадаць цэнтру Латушкі. Творчыя акадэмічныя майстэрні Савіцкага згубілі прыметнік «акадэмічныя», і цэнтар пачаў сваю працу.

Цяпер аб стваральніку «Партызанскай Мадоны» на выставе «Праз клясыку да сучаснасьці» нагадвае экспазыцыя фатаграфій аб Міхаіле Савіцкім ды архіўная выстава зь гісторыі творчых майстэрань.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1157 seconds.