Беларусь скарачае выдаткі на адукацыю

Праект бюджэту на наступны год прадугледжвае вылучэньне на беларускую адукацыю значна меншых сродкаў параўнальна з папярэднімі гадамі. Грошай на адукацыю стане меней ня толькі ў валютным эквіваленце, але і ў працэнтах да ўсіх здабытых дзяржавай грошай.

Паводле інфармацыі БелТА, у бюджэце Беларусі, што на мінулым тыдні быў прыняты парлямэнтам у першым чытаньні, на адукацыйныя расходы адведзеныя Br23.8 трлн. альбо 4.67% валавога ўнутранага прадукту. Апошні паказчык ва ўмовах дэвальвацыі, а таксама паводле міжнародных стандартаў зьяўляецца найбольш прадстаўнічым і мусіць дэманстраваць увагу дзяржавы да адукацыі. Між тым, як вынікае з параўнаньня адукацыйных расходаў зь мінулымі гадамі, увагі той з часам дастаецца ўсё меней і меней.


Дадзеныя Белстату. 2012 - прагноз

Гэтак, у 2006 годзе дзяржава выдаткавала на беларускую адукацыю 6.1% ад ВУП, у 2008 выдаткі скараціліся да 5.1%, а ў 2009 яны паставілі своеасаблівы антырэкорд, «дасягнуўшы» 4.5% ад ВУП (хаця Лукашэнка абяцаў тады вылучыць на адукацыю 10%).

У мінулым годзе сытуацыя троху палепшылася — выдаткі ўзрасьлі да 5.1%, аднак цяперашні крызыс і дэвальвацыя, гледзячы па ўсім, чарговы раз ударылі ў першую чаргу па адукацыі — яе фінансаваньне скарачаюць да 4.67% ад ВУП ці на 9%.

У 2011 годзе ж расходы на адукацыю ўвогуле абяцалі павялічыць на траціну да Br11 млрд. Але колькі гэта пасьля трохразовага абясцэньваньня рубля — сказаць вельмі цяжка. У любым выпадку, год яшчэ не завершаны, а ВУП — не падлічаны, таму рабіць высновы зарана.

Будучае скарачэньне адукацыйных выдаткаў — толькі частка шэрагу пераглядаў фінансаваньня гэтай сфэры ў меншы бок. Гэтак, год таму Міністэрства адукацыі запатрабавала ад ВНУ тэрмінова «прадставіць прапановы па скарачэньні расходаў рэспубліканскага бюджэту». Скарачэньне тлумачылася «правядзеньнем ўдакладненьня паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту». Унівэрсытэтам прыйшлося адмовіцца ад некаторых навуковых дасьледаваньняў, камандзіровак, у тым ліку за мяжу, рамонту, навуковых канфэрэнцый, закупкі дадатковага абсталяваньня. А на мінулым прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што выдаткі на навуку варта скараціць на траціну. Верагодна, вынікі рэалізацыі гэтай ідэі адаб’юцца і на адукацыі.

А які ў нас ВУП?

Але зразумець, які ж у Беларусі цяпер ВУП, — задача ня зь лёгкіх. Ад таго любое параўнаньне можа выглядаць некарэктным. Эканаміст Яраслаў Раманчук у сёньняшнім нумар «БелГазеты» называе разьлік ВУП беларускім урадам «мэтадалягічным трукам». У рублях ВУП складзе прыкладна 265 трлн. Паводле ўраду — гэта каля $58 млрд., але ж калі лічыць па рынкавым курсе даляра — тое каля $33 млрд.

Зрэшты, па паказчыку фінансаваньня адукацыі адносна ВУП Беларусь за апошнія гады ніколі не была лідэрам у рэгіёне. Сярод краін СНД нас зь цягам часу стала абыходзіць Малдова (9.6% у 2009 годзе і 8.2% у 2008), а таксама Кіргізія (5.9% у 2008 годзе і 6.5% у 2007 годзе). Ва Ўкраіне гэты паказчык складаў 5.3% у 2007 годзе, што, аднак, на той момант было ніжэй, чым у Беларусі (5.7%).

Звычайна болей за 5% ад ВУП выдаткоўваюць на адукацыю краіны Захаду. У Скандынаўскіх краінах гэты паказчык вышэйшы за 6%, а ў Ісьляндыі ўвогуле — за 7%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1019 seconds.