Урад хоча абмежаваць увоз у Беларусь ноўтбукаў і пляншэтаў, каб выпускаць свае

Прэм’ер-міністар заявіў, што Беларусь зьбіраецца дамагацца ўвядзеньня «ахоўных» мытаў на ноўтбукі і пляншэты ў краінах Мытнага зьвязу, каб разьвярнуць уласную вытворчасьць гэтых тавараў.

«Ужо ў бліжэйшы час мы выйдзем у расейскую камісію з прапановай усталяваць ахоўную стаўку імпартнага тарыфу на ўвоз у Мытны зьвяз пляншэтаў і ноўтбукаў», — заявіў сёньня прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч. Да гэтага часу кампаніі, што ўвозяць падобныя тавары, зусім ня плацяць мытаў.

З дапамогай «ахоўных» тарыфаў у Мытным зьвязе дзяржавы абмяжоўваюцца ад нежаданай канкурэнцыі з боку імпартных тавараў. Напрыклад, нядаўна паводле прапановы Казахстану Беларусь і Расея ўсталявалі абарончыя тарыфы на ўвоз карамэлі.

«Асвойваць гэтую прадукцыю [ноўтбукі і пляншэты] нявыгадна з-за таннага імпарту. Будзем прасіць пераконваць нашых расейскіх і казахстанскіх калегаў — стварыць эканамічныя ўмовы лякалізацыі гэтых пэрспэктыўных вытворчасьцяў», — сказаў Мясьніковіч.

Прэм’ер-міністар упэўнены, што Беларусь здолее заняць «лідзіруючыя пазыцыі ў вытворчасьці ноўтбукаў» у Мытным зьвязе.

Два месяц таму беларускае прадпрыемства «Інтэгралтэхніс», якое ўваходзіць у склад ААТ «Інтэграл», вядомае сваёй вытворчасьцю ВК-відэаманітораў і пэрсанальных кампутараў, заявіла, што ўжо ў наступным годзе там плянуюць пачаць распрацоўку электронных пляншэтаў.


Беларускія ноўтбукі адрозьніваюцца «павышанай трываласьцю і надзейнасьцю»

Беларускія ж ноўтбукі зьявіліся яшчэ два гады таму. Выпускаюцца яны на ўсё тым жа «Інтэграле». Некаторыя зь беларускіх мадэляў адрозьніваюцца «павышанай трываласьцю і надзейнасьцю, а таксама акліматызаванасьцю пад беларускія ўмовы».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.