Каб палепшыць імідж Менску, адмыслоўцы прапанавалі ўсталяваць на вуліцы значак Google Maps

Ідэя са значкам Google Maps на адной з вуліц Менску разам з канцэпцыяй лавачак для закаханых у «Горадзе-мары» была прадстаўленая на конкурсе ідэй для прасоўваньня іміджу беларускіх гарадоў. Аднак лепшымі былі названыя іншыя праекты: тралейбус савецкіх часоў для Гомеля і аднаўленьне спадчыны французска-расейскай вайны.


Ажыўшыя мапы. Фота Pervasive Media Studio

Як піша БелТА, на конкурс ідэй па прасоўваньні іміджу гарадоў і рэгіёнаў Беларусі трапілі некалькі небанальных турыстычных канцэпцый. Сярод іх быў, напрыклад, праект па стварэньні мабільнага даведніка, які дазваляе з дапамогай тэлефону атрымліваць інфармацыю ў выглядзе аўдыёзапісаў, тэксту і фатаграфій аб разьмешчаных побач гістарычных цікавостках.

Аўтары іншай ідэі прапанавалі нават усталяваць на адной зь менскіх вуліц значак Google Maps, каб прыцягнуць болей увагі да сталіцы краіны. Гэтыя ж крэатыўшчыкі ўбачылі ў Менску «горад-мару». А ўмацаваць гэткую ідэю яны прапанавалі праз аптычныя ілюзіі на тратуарах і зэдлікі для закаханых, над якімі пры дапамозе датчыкаў у патрэбны момант згасаюць ліхтары. Але ідэя, на жаль, не прайшла адбор журы, створанае пад наглядам Менгарвыканкаму.

У выніку першае месца ў конкурсе па распрацоўцы канцэпцыі прасоўваньня гарадоў і рэгіёнаў, за якое абяцалі пуцёўку ў Парыж, занялі студэнты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэта. Студэнты распрацавалі і запусьцілі катацца па гомельскіх вуліцах тралейбус у духу савецкіх часоў, назваўшы яго гістарычным. Таксама гомельскія студэнты прапануюць стварыць у Гомелі алею закаханых.


Савецкі тралейбус на вуліцы савецкага Гомелю. Фота Транспарт у Гомелі

Другое месца прысудзілі праекту студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, прысьвечанаму французска-расейскім дачыненьням. Яны хочуць стварыць турбазу на беразе Бярэзіны каля вёскі Студзёнка. Наведвальнікам турбазы прапануюць шукаць закапаныя ў зямлі скарбы часоў Напалеона.

Папярэднія іміджы

Конкурс на лепшую канцэпцыю прасоўваньня іміджу гарадоў Беларусі адбываецца другі раз. Вось працы пераможцаў мінулага году:


Вясёлыя пераходы ля загсаў і дзіцячых садкоў


Нацбібліятэка як сымбаль усяго

Трэцяе ж месца адышло адмыслоўцам, якія прапанавалі надрукаваць «мора паштовак» пра розныя гарады Беларусі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0838 seconds.