Беларускіх студэнтаў закадуюць

Праграму па пераводу ўсіх студэнцкіх у электронны фармат распачало Міністэрства адукацыі. Першыя экзэмпляры плястыкавых студэнцкіх з чыпамі атрымаюць навучэнцы БДУІР. У хуткім часе яны змогуць адправіцца з такім білетамі нават у сталоўку.

Чарговы праект па інфарматызацыі беларускай адукацыі рыхтуе Мінадукацыі пад кіраўніцтвам Сяргея Маскевіча. Папярэдняе яго хай-тэк намаганьне — перасаджваньне школьнікаў з падручнікаў на пляншэты — хутчэй правалілася: тэхніка аказалася надта дарагой, а адміністрацыя школ — няздольная даверыць навучэнцам такую каштоўнасьць.

Новы праект прадугледжвае раздачу ўсім беларускім студэнтам білетаў на аснове чыпу, у якім будзе захоўвацца асноўная інфармацыя аб ім. Прататып ужо распрацаваны і зьнешне нагадвае нешта сярэдняе паміж унутраным пашпартам, папулярным у многіх краінах сьвету, і белтэлекамаўскай тэлефоннай карткай.

«Зрабіць такі студэнцкі білет самастойна — проста немагчыма, — заявіў у інтэрвію БТ Аляксандр Рэшэтняк, намесьнік тэхнічнага дырэктара цэнтру сыстэм ідэнтыфікацыі Акадэміі навук, дзе распрацоўваўся білет. — Адсканаваны фотаздымак, подпіс і дадзеныя студэнта абараняюць вадзяныя знакі і галяграфічныя стужкі. За іх дакладнасьць адказвае Дэпартамэнт па ахове вадзяных знакаў. Мікрачып таксама пад электроннай абаронай».

Пад абаронай Дэпартамэнту па ахове вадзяных знакаў пакуль толькі першакурсьнікі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Аднак да канца году Мінадукацыі плянуе раздаць агулам 100 тысячаў такіх студэнцкіх на чыпах. У будучым пад праграму «кадаваньня» могуць трапіць і школьнікі.

Зрэшты, пакуль на студэнцкіх толькі анкетныя дадзеныя. Але калі і іх правільна выкарыстаць, можна дазволіць студэнтам хадзіць па студаках у сталоўкі, бібліятэку, ці ўсталяваць КПП на ўваходзе ва ўнівэры, падобна да тых, што ўжо некалькі гадоў «псуюць» жыцьцё студэнтам «наргасу».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.