Зьявілася праграма на смартфон для паведамленьня аб арышце

Цяпер адным націскам кнопкі затрыманы, які валодае смартфонам на базе папулярнай апэрацыйнай сыстэмы Android, можа паведаміць сваім сваякам альбо сябрам пра тое, што апынуўся ў кіпцюрах міліцыі.


У некаторых сытуацыях адасласць смс пра затрыманьне ня так лёгка

Аплікацыя пад I’m Getting Arrested прызначаная якраз для тых выпадкаў, калі пратэстуючага схапіла міліцыя і кудысьці цягне. У гэтыя моманты звычайна няма часу пісаць смс ці званіць кудысьці. А вось хуткая рассылка папярэдне падрыхтаваных паведамленьняў зацікаўленым асобам можа быць карыснай.

Праграма рассылае паведамленьні адным націскам кнопкі. Загадзя набранае паведамленьне рассылаецца па некалькіх тэлефонах, нумары якіх трэба ўнесьці напярэдадні крытычнай сытуацыі.


Так выглядае праграма для смартфону I’m Getting Arrested

Як адзначаюць распрацоўшчыкі, I’m Getting Arrested можна выкарыстаць і ў больш мірных мэтах — напрыклад, для масавай рассылкі SMS. Праўда, ня болей за 160 за раз. Гледзячы па камэнтарах на сайце праграмы, менавіта дзеля гэтай мэты праграму выкарыстоўваюць найчасьцей.

I’m Getting Arrested была распрацаваная адмыслова для ўдзельнікаў акцыі пратэсту «Захапі Ўол-Стрыт», у час якой актывісты левых рукаў пакуль беспэрспэктыўна спрабуюць захапіць фінансавых цэнтар ЗША у Нью-Ёрку і прыцягнуць увагу да несправядлівай на іх думку сыстэмы разьмеркаваньня дабротаў у сьвеце. Дарэчы, у час апошняй акцыі кампаніі ў гэту суботу ў паліцыю трапілі каля 70 мітынгоўцаў.

Праграму можна спампаваць з сайту крамы Android бясплатна. З часу яе зьяўленьня восем дзён таму гэта ўжо зрабілі болей за тысячу чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1504 seconds.