У «Ракеце» будуць пастаянна паказваць арт-хаўз

Частку менскага кінатэатру «Ракета» аддадуць пад паказы фільмаў у жанры «не для ўсіх». Другая заля ў «Ракеце» заменіць зачыняемую на днях з-за стратнасьці кіназалю «Цэнтар-відэа» ў комплексе «Сталіца».


Кінатэатр «Ракета». Фота holy_mozart

Як заявіў дырэктар «Кінавідэапракату» Васіль Коктыш, адмысловую залю для фэстывальнага кіно і фільмаў у стылі арт-хаўз абсталююць у «Ракеце». Паказы ўжо зь сярэдзіны сьнежня будуць ладзіцца ў памяшканьні на другім паверсе кінатэатру празь лічбавы праектар.

Як паведамляе БелаПАН, адначасова паглядзець «разумнае кіно» здолеюць ня болей за 40 менчукоў — менавіта на столькі гледачоў будзе разьлічаная новая заля. На думку пракатчыкаў, жадаючых глядзець гэткае кіно можа аказацца і меней, бо папярэдняе, фактычна адзінае месца, дзе падобныя фільмы можна было паглядзець у Менску, вырашана зачыніць якраз з-за нізкай наведвальнасьці: на вечаровыя паказы ў «Цэнтар-відэа», па словах Коктыша, прыходзілі па 6–8 чалавек.

«Арэндную плату даходамі „Цэнтар-відэа“ мы пакрывалі толькі на 20%, астатнія 80% — нашы страты», — сказаў дырэктар «Кінавідэапракату». Яшчэ адной прычынай закрыцьця сталі канструкцыйныя асаблівасьці залаў, якія не прыстасаваныя для таго, каб усталяваць у іх лічбавыя праектары.

Коктыш адзначыў, што, найменш, праграма Cinemascope, якая актыўна дзейнічала ў межах кінапаказаў цэнтру, будзе перанесеная ў «Ракету».

Зрэшты, арт-хаўз ня вельмі патрэбны менскім пракатчыкам: і безь яго толькі за 9 месяцаў гэтага году сталічныя кінатэтары наведвалі каля 3.5 мільёна чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0654 seconds.