Выкладчыкі беларускай ВНУ засталіся бяз працы з-за перакананьняў

Два выкладчыкі Беларускага інстытуту правазнаўства — Андрэй Завадзкі і Натальля Васілевіч — нечакана для сябе аказаліся звольненымі, як яны самі думаюць, з-за іх грамадзкай дзейнасьці. Студэнты зьбіраюць подпісы, іншыя выкладчыкі выступаюць супраць, але вяртаць выкладчыкаў на працу кіраўніцтва БПІ не сьпяшаецца.

Выкладчыца прыватнага Беларускага інстытута правазнаўства магістар Натальля Васілевіч і выкладчык Андрэй Завадзкі гэтымі днямі даведаліся, што зь імі не працягнуты працоўны кантракт. З пачатку верасьня яны працягвалі хадзіць на заняткі, але днямі выйшаў загад, які паўторна адхіліў іх ад выкладаньня.


Натальля Васілевіч. Фота «Радыё Свабода»

Натальля Васілевіч — вядомая блогерша, рэдактар сайту «Царква», дырэктар цэнтру «Экумэна», а дацэнт Андрэй Завадзкі супрацоўнічае з грамадзянскім аб’яднаньнем «Фонд Льва Сапегі», што выступае за пашырэньне самакіраваньня. Таму даведаўшыся аб звальненьні, выкладчыкі натуральна зьвязалі яго з уласнай пазыцыяй у грамадзкіх пытаньнях.

Як перадае «Радыё Свабода», рэктар ВНУ ад камэнтароў адмаўляецца, аднак у прыватных размовах тлумачыць звальненьне шматлікімі прычынамі, як лічаць выкладчыкі, не зьвязанымі са справай:

«Ён кажа, што, маўляў, скарачэньне нагрузкі, у вас няма навуковай ступені і гэтак далей, — кажа Андрэй Завадзкі. — Але гэта ўсё сьмешна, таму што гэта ня тыя падставы для прыпыненьня кантракту. Ёсьць курсы, скажам, інфармацыйнае права, якое толькі адзін я ў інстытуце чытаю. Тэрмінова і замяніць мяне некім іншым цяжка. І тут, канечне, як і ў адносінах да Натальлі, адразу ж вылазяць нейкія палітычныя вушы».


Андрэй Завадзкі. Фота «Радыё Свабода»

Зрэшты, ні іншыя супрацоўнікі БПІ, ні яго студэнты, ні самі звольненыя з рашэньнем рэктара ня згодныя. Студэнты ўжо сабралі каля 100 подпісаў у іх абарону, іншыя выкладчыкі на чале з загадчыкам катэдры тэорыі і гісторыі права таксама выступілі супраць.

Цяпер звольненыя шукаюць юрыдычныя хібы ў працэдуры звальненьня:

«У аддзел кадраў паступіла рэзалюцыя, у якой было напісана, што адмовіць у заключэньні кантракта, — распавяла Натальля Васілевіч „Радыё Рацыя“ пра працэдуру звальненьня. — Аднак, паводле артыкулу 25 Працоўнага кодэксу, фактычны допуск да працы зьяўляецца пачаткам працоўнай дамовы, незалежна ад таго, ці быў належным чынам аформлены кантракт і гэтая дамова».

А паколькі выкладчыкі ў верасьні фактычна працавалі, то ад сваіх пасадаў яны адмаўляцца пакуль не зьбіраюцца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0716 seconds.