Буйнейшы фэст кароткамэтражнага кіно ці як прывезьці міжнародны фэст у Беларусь

Ад сёньня і на працягу болей чым тыдня ў Беларусі пройдзе самы буйны ў сьвеце конкурс кароткамэтражных фільмаў – Манхэттэнскі фэстываль. 14 гадоў таму першую праграму фэстывалю паглядзела невялікая група кінааматараў на экране, нацягнутым наўпрост на кузаў грузавіка. Сёньня работы фіналістаў фэстывалю ўбачаць больш 150 000 гледачоў у 48 краінах.

У Беларусь Манхэттэнскі фэстываль прывезла 3 гады таму дырэктарка кінатэатру «Аўтакіно» Ала Куркуль. Пра тое, як ёй прыйшла ў галаву гэтая ідэя і як праходзіла ўвасабленьне ідэі ў жыцьцё, Ала распавяла Generation.by.

— Ала, распавядзіце, як пачалі працаваць у кінапракаце?

— Кіно зь дзяцінства любіла. Мама ўсё жыцьцё працавала ў гэтай сфэры, была намесьніцай гендырэктара па рэпэртуары кінатэатраў Менскай вобл. Вось і мы зь сястрой пайшлі па яе шляху. Абедзьве вучыліся ў Інстытуце культуры, па спэцыяльнасьці кіна- і відэабізнэс. Цяпер працуем разам у «Аўтакіно».

— А як сталі прадстаўніком Манхэттэнскага фэстывалю ў Беларусі?

— У 2008 годзе, якраз падчас правядзеньня фэстывалю, я апынулася ў Піцеры. Сястра патэлефанавала мне тады і прапанавала схадзіць паглядзець. Праграма мне вельмі спадабаласяі я дамовілася з арганізатарамі на наступны год прывезьці фэстываль у Беларусь. Аднак пазьней, па нейкіх сваіх матывах, Прэзыдэнт кінафэстывалю Нікалас Мэйсан не захацеў супрацоўнічаць з нашай краінай. Давялося чакаць рашэньня цэлы год. У выніку яны здаліся, аднак дазволілі паказаць фільмы толькі ў «Аўтакіно». Арганізатарам фэсту спадабалася і ў 2010 годзе нам перадалі права на правядзеньне фэсту ў Беларусі.

— Чаму ж у наступным годзе паказ зноў прайшоў толькі ў адным кінатэатры?

— Асноўная прычына — коштавая палітыка Манхэттэнскага фэстывалю. Фэст — гэта прыватная ініцыятыва. Умова арганізатараў: цана квітка на кінапаказ павінна быць не ніжэй за 100 расійскіх рублёў. На сайце фэсту заяўлены кошт у 5 эўра. Але ні адзін кінатэатар у Менску такі кошт на квіток ўсталяваць ня мог і ня можа. «Кінавідэапракат» Менгарвыканкама да гэтага часу абапіраецца на састарэлыя нарматывы па паказу фільмаў з носьбіта DVD. Самі кінатэатры ня маюць права вырашаць ні што ім паказваць, ні які кошт квітка ўсталёўваць. Увогуле ж, ужо існуе «Канцэпцыя развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2009-2014гг.». У ёй гаворыцца, што трэба даць кінапракату «больш правоў у самастойным фармаваньні коштаў на квіткі». Але пакуль ніхто па гэтай канцэпцыі чамусьці не працуе. Таму прыйшлося зноў дамовіцца з ДК Чыгуначнікаў ў Менску, дзе мы змаглі ўсталяваць кошт квітка ў 15 000 рублёў. Гэта аптымальная цана для нас і гледачоў.

— Аднак, наколькі я ведаю, ДК Чыгуначнікаў не абсталяваны для правядзеньня кінапаказаў?

— І так і не. У ДК ёсьць старая кінаўсталёўка, а нам патрэбен магутны відэапраектар. Таму паказ ладзіцца на нашым абсталяваньні з «Аўтакіно».

— Хто дапамагае Вам арганізоўваць фэст?

— У асноўным фэстывалем займаемся мы зь сястрой Элай ды мамай Галінай Пятроўнай. Прыцягваем студэнтаў Інстытута Культуры. Для іх гэта вопыт і практыка, для нас — дапамога і дадатковыя працоўныя рукі. У мінулым годзе хлопцы й дзяўчаты выдатна мне дапамаглі з рэклямай, з правядзеньнем паказу.

— А як рэклямуеце фэст?

— Рассылаю рэлізы абсалютна па ўсіх крыніцах рэклямы, але ня ўсе ахвотна адгукаюцца. У сацыяльных сетках пакуль ня вельмі добра атрымліваецца. Хоць на фэйсбуку карыстальнікі адгукаюцца актыўна. У гэтым годзе мы праводзім фэст ня толькі ў Менску, але яшчэ ў Горадні і Віцебску з 23 верасьня па 2 кастрычніка. Таму рассылала інфармацыю па групах гэтых гарадоў. Дарэчы, там народ значна больш жыва адгукаецца. Яшчэ нядрэнна было б пакруціць рэкляму ў кінатэатрах, але ні адзін кінатэатар на гэта не пагодзіцца. Мы для іх маленькія, але канкурэнты.

— Як прасоўваецца фэст? Што зьмянілася ў арганізацыі? Стала лягчэй? Зьявіліся новыя праблемы?

— Стала лягчэй, таму што зьявіліся партнэры. Фэст анансуюць на радыё Unistar, на afisha.tut.by, interfax.by. Але праблем па-ранейшаму хапае.

— Ці думаеце ладзіць іншыя праекты? Ня хочаце прывозіць іншыя фэстывалі ў Беларусь?

— Вядома, хочам. Але ў Беларусі з арганізацыяй фэстывальных паказаў складаней. Шматлікія фэсты не распаўсюджваюць правы на Беларусь, таму зь імі трэба дамаўляцца асобна. Да таго ж, калі зноў праводзіць яго на нэспэцыялізаванай пляцоўцы, яе трэба раскручваць дадаткова. Шукаць грошы на рэкляму. Я хацела зрабіць праграму карэйскага кароткамэтражнага кіно, шукала нават спонсараў, але арганізатары выставілі мінімальную суму, якую я не змагла аплаціць. Але мы плянуем у бліжэйшай будучыні адкрыць кампанію, якая будзе арганізоўваць як мінімум праграм 5-6 у год.

Праграма XIV Манхэттанскага фэстывалю кароткамэтражнага кіно

№1. Здарэньне перад банкам /
Incident By A Bank
Рубэн Остланд / Швэцыя / 9’30”
Залаты мядзьведзь Бэрлінскага міжнароднага кінафэсту за лепшы кароткамэтражны фільм у 2010 годзе. Фільм зьняты пры дапамозе ўсяго адной камэры. Дзевяноста чалавек скрупулёзна аднаўляюць праваленае рабаваньне банка, якое адбылося ў Стакгольме ў чэрвені 2006 года.

№2. Dik
Крыстафер Столеры / Аўстралія / 10’00”
Шасьцігадовы хлопчык прыносіць дадому заданьне са школы, якое прымушае бацькоў цікавіцца ягонай сэксуальнай арыентацыяй.


№3. Мак / Mak
Джэральдзін Зоса / Швэйцарыя / 18’00”
Ільінка ўжо год жыве ў Швэйцарыі са сваімі малдаўскімі маці і цёткай. Ёй усяго 14 гадоў і яна толькі што нарадзіла сына. Маці Ільінкі даведваецца пра месца, у якое можна аддаць нежаданае дзіця…


№4. Я кахаю Люсі / I Love Luci /
Колін Кенэдзі / Шатляндыя / 11’00”
Камэдыя пра выпадаючыя зубы, непадзеленае каханьне і магчымасьці адной сабакі паўплываць на лёс пары, якой не наканавана быць разам.

№5. Легенда пра бабровую запруду /
The Legend of Beaver Dam
Джэром Сэйбл & Элі Батальён / Канада / 12’00”
Песьня ля вогнішча будзіць страшэннага монстра, і зануда Дэні Зінвіц мусіць выратаваць сваіх таварышаў ад жахлівай разьні.

№6. Сэксьцінг / Sexting*
Ніл ЛаБут / США / 8’00”
Парваўшы стасункі з жанатым мужыком, маладая жанчына вырашае сустрэцца зь ягонай жонкай за кубачкам кавы. *Сэксьцінг — перасылка асабістых здымкаў інтымнага зьместу праз мабільны тэлефон.

№7. Лес / The Forest
Карпаці Дзёрдзь Мор / Вугоршчына / 12’00”
Удзельнік Бэрлінскага міжнароднага кінафэсту 2011 году. У лесе адбылося забойства. Малады чалавек апынаецца ўцягнутым у шэраг дзіўных здарэньняў…

№8. Праца доктара / A Doctors Job
Хуліо Рамас / Пэру / 10’30”
Доктар Рамон Маран падпрацоўвае таксісам, каб утрымліваць сваю псыхічна нездаровую маці. Злачынства, у якое ён апынуўся ўцягнуты, стала выпрабаваньнем для яго гонару і маральных прынцыпаў.

№9. Давід і Галіяф / David and Goliath
Джордж Завэрдас / США / 12’00”
Праўдзівая гісторыя пра чалавека, сабаку і Халакост.


№10. Пятніца пакутнікаў / Martyr Friday
Абу Бакр Шокі / Эгіпэт / 10’00”
Погляд знутры на падзеі, што адбыліся ў Каіры ў 2011 годзе.


Працягласьць праграмы: 120 хвілін. Кошты: 15 000 у Палацы чыгуначнікаў, 25 000 у Аўтакіно з машыны, у Горадні і Віцебску — 10 000. Прадстаўнік MSFF у Беларусі: Ала Куркуль, Alla197@tut.by. 

ДК Чыгуначнікаў: 25.09 у 17.00, 26-27.09 і 30.09 – у 19.00, 1-2.10 – у 17.00.
Аўтакіно: 27-28.09 у 21.00.
Горадня, к-р «Чырвоная зорка»: 30.09-2.10 – у 19.00.
Віцебск, к-р «Мір»: 25.09 -2.10 – у 18.05.

— Дык што будзе наступнае пасьля Манхэттэнскага фэстывалю?

— Пакуль не магу сказаць дакладна, аднак мне цікавыя ня толькі кінапаказы. Напрыклад, хачу прывезьці ў Беларусь карэйскага ды-джэя Курта. Ён ужо быў у Маскве. Я тады адмыслова паехала туды і паглядзела, як арганізоўвалі гэты праект расейскія хлопцы. Яны прывезьлі ды-джэя на свае грошы, якія ў іх не акупіліся. Але ўсё ж арганізатары былі вельмі задаволеныя, што зрабілі гэта. Думаю, што калі акцэнтаваць увагу ў рэклямнай кампаніі не на тое, што ды-джэй карэйскі, а на тое, што ён сапраўды добры ды-джэй, праект можа быць пасьпяховым.

— А як ацэньваеце конкурсную праграму Манхэттэнскага фэстывалю ў гэтым годзе?

— Мне гэтая праграма вельмі падабаецца. Усе фільмы розныя і моцныя. Але ўсё-ткі ёсьць у гэтым годзе два фільмы, якія, мне здаецца, галоўныя прэтэндэнты на перамогу. У адным — гумар, у іншым — палітыка ... Ня ведаю, што пераможа. Можа быць, штосьці трэцяе. Скажу толькі, што беларусы заўсёды галасуюць ня так, як эўрапейцы або расіяне. Усё-ткі мы чымсьці адрозьніваемся.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0968 seconds.