Два дні да другога Турніру Нефармалаў

У суботу — 24 верасьня — дваровыя футбалісты прымуць удзел у вулічных спаборніцтвах ад супольнасьці «Забей». Сёньня свой удзел пацьвердзілі больш за 30 каманд з розных аматарскіх чэмпіянатаў і гарадоў Беларусі. Футбалісты Магілёву, Баранавічаў, Гомелю, Жодзіна, Слуцку і, вядома, Менска сыдуцца ў паядынках на пляцоўках сталіцы.


Фотарэпартаж з фіналу папярэдняга турніру 

Гульні ў Турніры будуць ісьці не за памер прыза. Найбольш важным зьяўляецца сумленнае спаборніцтва і барацьба. Лепшая каманда атрымае славу пераможцы і знакі адрозьненьня ад супольнасьці «Забей».

Гэта другі падобны Турнір супольнасьці, які закліканы аб’яднаць розных футбалістаў, каманды, турніры вуліц нашай краіны. Арганізатары хочуць даць больш сэнсу аматарскім камандам і падкрэсьліваюць, што і вуліца можа рабіць сваю альтэрнатыўную Вялікую падзею. Тут удзельнічаць можна без папяровай валакіты і фінансавых бар’ераў. Гэтак жа арганізатары хочуць падкрэсьліць важнасьць даступнасьці адкрытых, якасных і свабодных футбольных пляцовак у кожным горадзе для разьвіцьця ня толькі футболу, але й усяго грамадзтва.

Турнір нефармалаў — гэта штогадовае мерапрыемства супольнасьці «Забей», якое зьбірае розныя аматарскія турніры, фан-лігі, чэмпіянаты ў аднадзённым мерапрыемстве. Першы такі Турнір прайшоў у 2010 годзе і сабраў 10 каманд з розных нефармальных футбольных чэмпіянатаў Менску (Турнір пасыянарыяў, Ліга Футболу, Школьная ліга чэмпіёнаў, Steet Football, unet.by і інш.) Сёньня Турнір нефармалаў — гэта таксама працяг футбольнага дваровага турніру, які праводзіцца супольнасьцю з 2006 году.

13:00, 22/09/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0698 seconds.