З-за сацыяльных сетак студэнты сталі вучыцца горш
Амэрыканскія навукоўцы даказалі, што сацыяльныя сеткі, такія яе Vkontakte ці Facebook, могуць стаць прычынай атрыманьня дрэнных адзнакаў у школе і ўнівэры, а таксама выклікаць зьмены ў псыхіцы.
Аказваецца, сацыяльныя сеткі могуць стаць ня толькі прычынай он-лайн рэвалюцый, але і вядуць да зьніжэньня пасьпяховасьці ў навучаньні. Як кажуць навукоўцы з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту, студэнты, што надта шмат часу бавяць у сацсетках, становяцца самазакаханымі, пачынаюць дрэнна вучыцца ў школе, хварэюць на анарэксію і атрымліваюць захворваньне страўніка.
Псыхолягі нават вылічылі, колькі разоў трэба заходзіць у Facebook цягам дню, каб цалкам ператварыць студэнта ў двоечніка.
«Мы вынайшлі неверагодную рэч, — дзеліцца ўражаньнямі з Daily Mail кіраўнік групы амэрыканскіх навукоўцаў, прафэсар Лары Розэн. — Кожныя тры хвіліны студэнты адрываюцца ад працы, каб правяраць Facebook. Нягледзячы на тое, што мы назіраем за імі: здавалася, ім варта было б лепей сканцэнтравацца на навучаньні толькі з-за гэтага».
«Чым болей мэдыя яны спажывалі за дзень, тым горшымі студэнтамі яны станавіліся. Нават калі яны раз у 15 хвілінаў выходзілі ў Facebook, то ўжо гэта рабіла іх горшымі навучэнцамі».
Акрамя таго, сацсеткі робяць студэнтаў болей агрэсіўнымі, антысацыяльнымі і могуць выклікаць праблемы са сном, страўнікам, харчаваньнем і дэпрэсіі.
Зрэшты, навукоўцы знайшлі і нешта добрае ў надта вялікай цікаўнасьці да Facebook. Праз сацсеткі сарамлівыя дзеці знаходзяць магчымасьць камунікаваць лягчэй.