Пасьля разьмеркаваньня зь вёскі бягуць 56% выпускнікоў

Пасьля двухгадовай адпрацоўкі заставацца ў беларускай вёсцы не жадаюць нават выпускнікі сельскагаспадарчых спэцыяльнасьцяў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у горад бягуць да трох зь пяці выпускнікоў.


Мінімум кожны другі з гэтых маладых спэцыялістаў, што толькі прыехалі па разьмеркаваньні ў калгасы Петрыкаўскага раёну, праз 2 гады зьбягуць у горад. Фота БелТА

У 2010 годзе пасьля двухгадовай адпрацоўкі у сельскагаспадарчых арганізацыях засталося працаваць толькі 44–45% разьмеркаваных студэнтаў. Такія дадзеныя прыводзіць старшыня Беларускага прафсаюзу працаўнікоў АПК Уладзімір Навумчык.

Па ягоных словах, штогод у гаспадаркі краіны накіроўваецца больш за 2 тысячы выпускнікоў унівэрсытэтаў, а застаюцца там у сярэднім каля 900 чалавек.

Гэта і ня дзіўна, калі пералічыць зарплату маладога спэцыяліста ў вёсках у валюту. Гэтак, у многіх вёсках максымум, на што можа разьлічваць малады спэцыяліст узімку — 30–40 даляраў у месяц.

З гэтай нагоды прафсаюзы прапануюць перанесьці профільныя ВНУ і каледжы ў сельскую мясцовасьць. Гэта, па іх словах, дапаможа «сфармаваць патрэбны мэнталітэт» у выпуснікоў.

«Многія аграномы лічаць, што горад у нейкім сэнсе разбэшчвае сельскіх жыхароў, а большасьць аграрных ВНУ разьмешчаныя ў гарадах, — гаворыцца на сайце афіцыйнай фэдэрацыі прафсаюзаў. — Людзі абвыкаюць да гарадзкіх выгодаў і ўжо не вяртаюцца дадому. Такім чынам, навучальныя ўстановы, якія, здавалася б, закліканыя замацоўваць маладых людзей на зямлі, толькі выпампоўваюць іх у мэгаполісы».

Верагодна, першым этапам «замацаваньня маладых людзей на зямлі» стане выкананьне заклікаў Лукашэнкі аб скарачэньня адукацыйных праграм на карысьць павелічэньня працягласьці працы ў калгасах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.