«Людзі завязьлі ў сетках»

У галерэі «Ў» адчынілася выстава беларускага мастака Аляксея Губарава. «Людзі завязьлі ў сетках. Калі раптам усё адключыць, то на раніцу чалавецтва будзе ў шоку», — мадэлюе сытуацыю творца. «Сьпячы рэжым» — так называецца выстава мастака, у якую ўвайшлі творы жывапісу, аб’екты, інсталяцыі.

«Сьпячы рэжым» — гэта не пра надзённую палітычную сытуацыю, гэта пра тэхніку, пра машыны. У сваіх працах мастак зьвяртае ўвагу да суцэльнай кампутарызацыі чалавецтва, калі новыя тэхналёгіі ня толькі сталі неад’емнай часткай жыцьця, а пачынаюць кіраваць намі.

Творы ў праекце Губарава ўтрымліваюць інсталяцыі ў галерэйнай прасторы, а таксама здымкі аб’ектаў, усталяваных у розных месцах гораду. Мноства разэтак, сэрца з дроту, палотны з палосамі для тэставаньня экранаў, чаравік з дротам сілкаваньня, замкнёныя разэткі, хатняя электрычная кветка… І нават рэальны чалавек, што заснуў у галерэі ў абдымку з лэптопам.

За плячыма маладога мастака некалькі пэрсанальных выставаў у Менску і больш за два дзесяткі калектыўных у розных гарадах Эўропы. Выстава «Сьпячы рэжым» працуе ў галерэі па 12 верасьня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.