Што здарылася зь беларускім фільмам пра разьмеркаваньне?

Беларускі фільм «На ростанях», які мусіў пераканаць усіх студэнтаў у перавагах разьмеркаваньня ў вёску, выйшаў на экраны яшчэ ўвесну, але ж студэнты яго так і не пабачылі. Лёс гучнай беларускай прапаганды на савецкі манер высьвятляў Generation.by.

Прэм’ера фільму «На ростанях» (рас. «На перепутье») адбылася ў менскім Доме кіно яшчэ ў красавіку гэтага году (кошт квітку, 1 200 рублёў, на прэм’еру падкупіў многіх), але пасьля гэтага пабачыць фільм звычайнаму гледачу не было дзе. Прынамсі, у сталічных кінатэатрах ён так і не зьявіўся.

Затое першы ў сьвеце блокбастэр пра разьмеркаваньне ў аграгарадок трапіў на кінафэстываль славянскай і хрысьціянскай кінематаграфічнай традыцыі «Залаты Віцязь», дзе, праўда, ніякай узнагароды не дамогся. Наступная спроба ўзяцьця фэстывальных кінавяршыняў прызначаная на канец жніўня, калі ва Ўкраіне распачнецца Бярдзянскі міжнародны кінафэстываль.


Галоўныя героі фільма: разьмеркаваная прадавачка і кіроўца за стырном аўталаўкі. Фота tut.by

Зрэшты, водгукі нешматлікіх гледачоў карціны ня надта станоўчыя. Нягледзячы на эратычныя сцэны і беларускія пэйзажы, фільм пакідае ўражаньне «банальнай мэлядрамы зь любоўным трохкутнікам і нявыразным фіналам», — сьведчыць адзін зь нешматлікіх блогераў, у якога атрымалася пабачыць фільм.

Дарэчы, мастацкай радзе «Беларусьфільма» стужка таксама ня надта спадабалася. Ад пачатку карціну нават не хацелі прымаць, але яна ўсё ж трапіла на экраны.

Пра што фільм?

Пад працоўнай назвай «Аўталаўка» стужку вызваўся зьняць рэжысёр Віталь Дудзін. Яго мэтай стала паказаць, што разьмеркаваньне ў вёску — «гэта ня так і страшна, там таксама вельмі цікавыя людзі і, магчыма, менавіта там ёсьць тое, чаго болей нідзе ня знойдзеш». Актораў набралі выключна беларускіх, пераважна з Расейскага тэатру, і паехалі здымаць на Беразіну.

Галоўная гераіня «На ростанях» — выпускніца Гандлёвага каледжу Кацярына, што атрымала разьмеркаваньне ў Барысаўскі раён. У першай сцэне, якую здымалі на прывакзальнай плошчы ў Менску, дзяўчына ў сьлязах разам зь сяброўкай гуляе па горадзе і вырашае: ехаць па разьмеркаваньні на 2 гады ці адмовіцца ад яго і выплаціць дзяржаве грошы за навучаньне. У выніку вырашае ― ехаць!

Па задумцы рэжысэра Віталя Дудзіна, там Кацярына павінна была адкрыць для сябе хараство прыроды і людзей, а таксама сустрэць сапраўднае каханьне. У ролі каханьня выступае татуяваны, хіпарскага выгляду шафёр Пятровіч, які пасьля пойдзе на падвышэньня і стане дальнабойшчыкам.


Фота Беларусьфільм

«На ростанях» вырашыць лёс беларускага кінэматографу

Нечакана фільм «На ростанях» «знайшоўся» на закрытых паказах, што цяпер адбываюцца на студыі «Беларусьфільм». Там стужку дэманструюць у малых залях фокус-групам, пасьля чаго яны выстаўляюць адзнаку фільму, дыскутуюць на тэму беларускага кіно, а кіраўніцтва студыі слухае водгукі і вырашае, што далей рабіць з кінематографам.

Першы такі паказ адбыўся 5 жніўня. На яго паклікалі 18 маладых людзей (сярэдні ўзрост гледачоў — 23 гады). Паводле прэс-службы «Беларусьфільму», болей за палову кінаманаў заявілі, што «беларускае кіно на сярэднім узроўні, ёсьць як цікавыя якасныя фільмы, гэтак і няўдалыя». І толькі 2 удзельнікі фокус-групы наважыліся сказаць, што беларускае кіно ў крызысе.

Яшчэ адной высновай паводле прагляду «На ростанях» стала тое, што «айчынныя кінагледачы таксама зацікаўлены і ў аўтарскіх, артхаўзных і фэстывальных беларускіх фільмах».

Дарэчы, адолеўшы тэму разьмеркаваньня, нацыянальная кінастудыя ўзялася за яшчэ болей актуальны сюжэт. Хутка на экраны рэспублікі выйдзе дэтэктыў «Сеціўная пагроза». А «На ростанях» у абмежаваны менскі пракат можа выйсьці не раней за восень.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0879 seconds.