Беларускія школьнікі будуць вучыцца па букрыдэках і нэтбуках

Ліцэістам БДУ з наступнага году раздадуць пляншэты з электроннымі падручнікамі, а навучэнцамі 7 школаў і гімназій прапануюць вучыцца па дзяржаўным ноўтбукам. Ладзячы гэткі экспэрымэнт, дзяржава спадзяецца ў будучым зэканоміць мільярды рублёў на папяровых падручніках.


Гэтак можа выглядаць беларуская школа празь 10 гадоў. Фота Ahn Young-joon/AP, зробленае ў адной з паўднёвакарэйскіх школаў

Як паведамляе БелТА, першымі карыстальнікамі пляншэтаў стануць навучэнцы ліцэю БДУ. Ужо гэтай восеньню ліцэісты першага году навучаньня на 2 гады атрымаюць пэрсанальныя дзяржаўныя букрыдэры.

На дэвайсах будуць разьмешчаныя лічбавыя копіі школьных падручнікаў, дадатковыя матэрыялы да ўрокаў і матэрыялы для самастойнай працы вучняў, а таксама індывідуальныя заданьні. Затраты на набыцьцё электронных кніг бярэ на сябе БДУ.

А вось школьнікам зь Менску, Смаргоні, Наваполацку і Шчучынскага раёну прапануюць навучацца з дапамогай нэтбукаў. Агулам экспэрымэнт з выкарыстаньнем невялікіх ноўтбукаў у навучальным працэсе пройдзе ў трох  менскіх і 4 рэгіянальных школах.

Пачынаючы экспэрымэнт, Мінадукацыі яшчэ ня вырашыла пытаньне аўтарскіх правоў пры рэалізацыі пляншэтаў з разьмешчанымі на іх падручнікамі.

Ідэю ўвесьці ў беларускіх школах электронныя прылады замест папяровых кніг агучыў яшчэ да крызысу намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук. Паводле яго меркаваньня, вопыт Сынгапуру і Паўднёвай Карэі «кажа ў падтрымку такога праекту».

«Адпадзе неабходнасьць штогод марнаваць больш за 20 млрд. рублёў на перавыданьне школьнай вучэбнай літаратуры, — сказаў Жук. — Электронныя вэрсіі падручнікаў дазваляюць апэратыўна іх абнаўляць». Акрамя таго, у школьнікаў адпадзе неабходнасьць насіць на заняткі падручнікі.

У любым выпадку, адаптацыя да навучаньня праз пляншэты - справа не аднаго дня. У Сынгапуры пераход на лічбавыя падручнікі пачалі 7 гадоў таму. А Паўднёвая Карыя плянуе скончыць гэты пераход толькі ў 2015 годзе. За гэты час яна зьбіраецца выдаткаваць каля 2.1 мільярды даляраў на адпавденую праграму - прыклад пятую частку бюджэту Беларусі. Дарэчы, пранікненьне Сеціва ў Паўднёвай Карэі болей чым у два разы перавышае беларускі паказчык: там каля 80% насельніцтва ўжо карыстаецца Інтэрнэтам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1349 seconds.