Навошта гэтыя межы: чаму беларусам так цяжка атрымаць Шэнгенскую візу
«Віза — як пятая нага для сабакі», — лічыць экспэрт у візавым пытаньні Дзяніс Мельянцоў. Зь ім згаджаюцца шматлікія эўрапейскія палітыкі, ня кажучы ўжо аб звычайных грамадзянах, прынамсі, бліжэйшых да Беларусі краін ЭЗ. Але нягледзячы на пастаянныя заклікі, што гучаць з розных бакоў «новай Бэрлінскай сьцяны», як цяпер называюць перакрытую візамі ўсходнюю мяжу Эўразьвязу, беларусам гэтак сама як і раней складана трапіць у Эўропу, а эўрапейцам — у Беларусь. Што варта чакаць у візавым пытаньні бліжэйшым часам?
Краіны, пазначаныя зялёным, пусьцяць беларусаў бязь візаў. Мапа 2009 г.
«У канцы лютага гэтага году Эўракамісіі быў нададзены мандат на пачатак перамоваў зь Беларусьсю па спрашчэньні візавага рэжыму, — кажа Дзяніс Мельянцоў. — Мы вельмі задаволеныя, бо заўжды казалі, што трэба адвязаць візавыя пытаньні ад палітыкі. Раней эўрапейцы разглядалі палягчэньня ўмоў атрыманьня візаў як нейкі падарунак рэжыму».
Цяпер сытуацыя зьмянілася, і спрашчэньне разглядаецца хутчэй як спосаб зьмяніць саміх беларусаў. «Паводле апытаньняў, першае, што беларусы чакаюць ад паляпшэньня адносінаў з ЭЗ — гэта спрашчэньне візавых працэдураў. А калі чалавек быў 2 і болей разы ў ЭЗ, яго жаданьне падтрымаць далучэньне Беларусі да ЭЗ павялічваецца мінімум на 20%», — кажа спадар Мельянцоў.
Гэтыя аргумэнты палітоляг ужо ня раз казаў на сустрэчы з эўрачыноўнікамі рознага ўзроўню, спрабуючы давесьці да іх усе выгоды палягчэньня ўмоваў атрыманьня візаў. Паўтарыць іх чарговы раз давялося на дыскусіі ў літоўскім сэйме, прысьвечанай пэрспэктывам адмены візаў паміж ЭЗ і Беларусьсю.
Хаця пераконваць, здаецца, асабліва і няма каго: вядучыя літоўскія палітыкі ня раз выказваліся за спрашчэньне візавага рэжыму зь Беларусьсю. Міністар замежных спраў краіны Аўдронюс Ажубаліс нядаўна нават заявіў, што выступае за амаль поўнае аднабаковае скасаваньне Літвой платы за візы для беларусаў ужо гэтым летам. Ці ідзе мова аб нацыянальных візах, альбо кіраўнік ураду кажа аб усіх відах візаў, дагэтуль няясна.
«Жалезнай заслонай» называе візавыя бар’еры іншы ўплывовы літоўскі палітык, сябра парлямэнцкага Камітэту па замежных справах Пятрас Аўштравічус:
«Хаця палітычнае рашэньне прынятае, эўрапейская камісія пакуль не дае сыгналу, што можна пачынаць візавыя перамовы зь Беларусьсю. З пэўнай надзеяй я гляджу на старшынства Польшчы, якое можа зрушыць праблему», — кажа парлямэнтарый.
«Нельга ізаляваць людзей Беларусі, — кажа калега Аўштравічуса па парлямэнцкаму Камітэту, сацыяліст Віцяніс Андрюкайціс. — Можна ізаляваць атачэньне прэзыдэнта, але нельга — людзей».
Зрэшты, лексыка літоўскіх палітыкаў на колькі прывабная для беларусаў, на столькі ж і патасныя. «Візы — спадчына халоднай вайны, і разбурыць яе — значыць адкрыць яшчэ адзін са шляхоў да дэмакратычных пераўтварэньняў», — кажа дэпутат і ўзгадвае пра некаторыя памежныя праекты, якія распрацоўваліся некалькі гадоў, але рэалізаваць іх пакуль не атрымалася. Не працуе ўжо ратыфікаванае пагадненьне аб 50-кілямэтровай зоне спрошчанага памежнага рэжыму паміж Беларусьсю і Літвой, за візамі, нягледзячы на іх кошт, да амбасадаў выстройваюцца вялізныя чэргі з двух бакоў, а пра шматразовыя візы могуць марыць пераважна толькі прадпрымальнікі і іншыя асобы, якія маюць трывалыя дзелавыя сувязі ў суседніх краінах.
Беларусь не сьпяшаецца адмяняць візы для эўрапейцаў
Што да беларусаў, то і яны асабліва не сьпяшаюцца адмяняць візавыя зборы для грамадзян ЭЗ. З аднаго боку, ёсьць Міністэрства спорту і турызму, якое ня раз казала аб неабходнасьці адмены візаў для паляпшэньня турыстычнай прывабнасьці Беларусі. Міністэрства замежных спраў парыруе звычайным:
«Адмена візавага рэжыму дастаткова адчувальны крок, яна патрабуе комплекснага ўліку інтарэсаў дзяржавы, уключаючы пытаньні грамадзкага правапарадку і нацыянальнай бясьпекі», — адказваюць у МЗС на запыты турфірмаў і іншых міністэрстваў, што лабіруюць адмену візаў для замежнікаў.
У рэшце рэшт, усё зводзіцца да «рашэньня кіраўніка дзяржавы», які ў гэтым пытаньні ніякіх рашэньняў, гледзячы па ўсім, прымаць не сьпяшаецца. Канешне, калі мова не ідзе аб такіх «блізкіх» у культурным сэнсе да нас краін, як Катар. З апошняй Беларусь адмяніла візавы рэжым у аднабаковым парадку яшчэ ў траўні.
Толькі 5% беларусаў маюць магчымасьць выехаць у ЭЗ
Дарэчы, па турвізавам у Беларусь уязджае зусім невялікая колькасьць вандроўнікаў: толькі каля 32 тысячы іншаземцаў з болей чым 420 тысячаў карысталіся імі ў 2010 годзе. Дарэчы, у 2009 г. на адну выдадзеную ЭЗ візу прыходзіўся 21 беларус. То бок максымум толькі каля 5% беларусаў мелі магчымасьць выехаць у вялікую Эўропу.
Але ня толькі ў Беларусі ёсьць групы лабіраваньня, што прасоўваюць ідэі адмены візавага рэжыму. У Літве і Польшчы дзейнічаюць аналягічныя супольнасьці, што жадаюць пераканаць урады сваіх краін у важнасьці спрашчэньня візавага рэжыму з нашай краінай. Сярод іх польскі Фонд імя Стэфана Баторыя.
«7.5 мільёнаў эўра атрымлівае Літва праз збор за візы зь беларусаў. Калі ЭЗ цалкам адмяняе візы, колькасьць беларусаў, якія езьдзяць у Літву, павялічыцца мінімум у два разы. Уявіце, колькі атрымае Літва праз наведваньне беларусамі віленскіх гандлёвых цэнтраў Акропалісу і Озасу», — кажуць экспэрты Фонду.
Але скарыстацца прыкладам той жа Ўкраіны, якая «авансам» адмяніла візы для амэрыканцаў і эўрапейцаў яшчэ ў сярэдзіне мінулага дзесяцігодзьдзя і атрымала вялікія выгоды праз падвышэньне турыстычных плыняў, ніводны бок пакуль не сьпяшаецца.
Між тым, па словах Дзяніса Мельянцова, Беларусь тэхнічна цалкам гатовая да спрашчэньня і адмены візаў.
«У Беларусі ўсё гатова для ўвядзеньня біямэтрычных пашпартоў. У нас дастатковы ўзровень бясьпекі на памежных пераходах», — кажа ён. Але існуюць перашкоды палітычныя. «Магчыма, беларускія ўлады не зацікаўленыя ў тым, каб беларусы маглі вольна езьдзіць у ЭЗ».
Экспэрты і замежныя палітыкі пагаджаюцца, што адмена візаў — самы істотны крок, які могуць зрабіць эўрапейцы ў адносінах да Беларусі. Але наважыцца на яго краіны ЭЗ пакуль ня здольныя, найперш праз палітычныя прычыны. Нават зьменшыць кошт візаў да 35 эўра альбо спрасьціць працэдуру іх выдачы — пакуль няспраўджаная мара як беларусаў, гэтак і іх суседзяў па той бок мяжы. І нават калі перамовы паміж нашай краінай і Бруселем аб спрашчэньні візавага рэжыму ўсё ж пачнуцца, то няма гарантыі таго, што іх не спасьцігне гэткі ж самы лёс, як і пагадненьні аб малым памежным руху.