Міліцыя зьбіраецца праверыць усіх школьнікаў на наркотыкі

Беларускіх школьнікаў могуць абавязаць штогод праходзіць тэст на ўжываньні наркотыкаў. Такую ідэю прасоўвае Міністэрства ўнутраных спраў. Міністэрства адукацыя ня супраць.

«Намі, сумесна зь Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам адукацыі, распрацоўваюцца […] рашэньні па арганізацыі абавязковага тэставаньня асобных катэгорый навучэнцаў на прадмет ужываньня імі псыхаактыўных рэчываў», — заявіў кіраўнік упраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС Беларусі Аляксандр Гаўрылаў.


Так выглядаюць расейскія тэсты на наркотыкі. Скрыншот зь сюжэту канала «Россия 2»

На думку прадстаўнікоў наркалягічных органаў кантролю, праводзіць такія тэсты дазваляе Кодэкс аб адукацыі.

Кодэкс «паказвае, што прафіляктыка спажываньня наркотыкаў павінна весьціся сярод усіх навучэнцаў. Гэта значыць, ні ў школах, ні ў ВНУ наркотыкаў у нас быць не павінна — ні ў выглядзе збыту наркотыкаў на тэрыторыі навучальных устаноў, ні ў арганізмах тых, хто там вучыцца», — перадае словы галоўнага нарколяга Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксея Аляксандрава Інтэрфакс-Захад.

Вонкава тэст, які ў абавязковым парадку прапануюць прайсьці школьніку, уяўляе сабой палоску паперы. Ужо празь некалькі сэкундаў пасьля праходжаньня тэсту вынік будзе вядомы. Аднак ён запатрабуе пераправеркі ў лябараторыі.

Ідэя ўвесьці абавязковы тэст на наркотыкі даўна ходзіць па расейскім дзяржаўным органам. У свой час адпаведны законапраект выклікаў бурную рэакцыю расейскай грамадзкасьці. Шэраг вядомых палітыкаў і праваабаронцаў заявіў тады, што такая норма закону парушае грамадзянскія правы і свабоды чалавека.

Цяпер у думе знаходзіцца праект закону, паводле якога ўсіх школьнікаў і студэнтаў забавязуюць праходзіць тэставаньне на наркотыкі. А пакуль па Расеі праходзяць дабравольныя тэсты. Яны ўжо выявілі забароненыя прэпараты ў крыві каля 1% ад тых, хто згадзіўся прайсьці тэставаньне.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1063 seconds.