Другая пяцёрка заявак на конкурс Басовішча-2011

Штогод «Басовішча» дае магчымасьць пазнаёміцца з маладымі беларускімі гуртамі. Што зьявілася новага ў беларускай альтэрнатыўнай музыцы? Generation.by працягвае агляд заявак ад маладых гуртоў, што зьвярнуліся на конкурс фэстывалю. І так, другая пяцёрка гуртоў, гатовых пазмагацца за галоўныя прызы на гістарычнай сцэне ў борыку Гарадка на Беласточчыне: знаёмімся з «Абшар», «Верасень», «Гаротніца», Monkey Bite i Metalgues.

У першай пяцёрцы заявак на конкурс Басовішча-2011 мы пазнаёміліся з гуртамі AmarokaAvias, «Інфрачырвоны Выдых», Vuraj ды VыdymanыMir. Цяпер працягваем!

    Aбшар

  • Горад: Менск
  • Год стварэньня: 2005
  • Стыль: рок
  • Трэк: abshar_sonejka.mp3
  • У сеціве: myspace

Цягам часу ў гурта зьмянялася гучаньне і стылістычныя перавагі. Сёньня ў іх няма ні халоднай аддаленасьці, ні дрэннай англійскай мовы. Іранічныя песьні на зразумелай беларускай аб тым, што блізкае кожнаму: стасункі, разьбітыя сэрцы і свабода, свабода, якой пранізаны ўсе нумары. За час існаваньня гурт пасьпеў зладзіць мноства канцэртаў, супольных і сольных, у розных сталічных клюбах. Творчасьць гурта была адзначана дыплёмамі фэстаў «Рок-кола» і «Бардаўская восень». У апошні 2 гады «Абшар» двойчы ўдзельнічаў у міжнародным фэсьце Union Of Rock (Вэнгажэва, Польшча) і неаднаразова ладзіў канцэрты ў Варшаве. 3-га красавіка 2011 года ў Варшаве адбылася прэзэнтацыя дэбютнага EP «Жоўты». 

«Перш-наперш хацелася б добра правесьці час разам зь сябрамі і калегамі-музыкамі, адпачыць ад гарадзкога тлуму, паслухаць якасную музыку. На жаль, раней нам не даводзілася выступаць на фэстывалі, хоць на Басовішчы бывалі некалькі разоў, але ў якасьці гледачоў. Безумоўна, як і ў большасьці гледачоў, уражаньні засталіся самыя прыемныя. Спадзяемся, што творчасьць нашага гурта здолее зацікавіць і арганізатараў, і гледачоў. Дасылаем загалоўную песьню з дэбютнага EP "Жоўты"».

    Верасень

  • Горад: Менск
  • Год стварэньня: 2010
  • Стыль: інтэлектуальны поп-рок
  • Трэк: werasen-4_paverhi.mp3
  • У сеціве: суполка vkontakte

Па сутнасьці, гурт «Верасень» у яго цяперашнім складзе – зусім малады калектыў. Бо канчаткова ён сабраўся толькі ў верасьні 2010 года. Сваю назву атрымаў у спадчыну ад акустычнага праекта, які раней рабіла з сэсійнымі музыкамі вакалістка і аўтар песень гурта Вольга Акуліч. Такім чынам, ёсьць не так даўно сабраны калектыў, які пры гэтым мае паўтарыгадзінную ўласную праграму і канцэртны досьвед сольных канцэртаў у Беларусі і Польшчы.

«Спадзевы на фэст? Лета, падарожжы, музыка, новыя знаёмствы, новыя ўражаньні:) Некаторыя ўдзельнікі гурта лічаць, што такім чынам мы таксама нясем мастацтва ў масы. Паўдзельнічаць у “Басовішчы” пакуль не пасьпелі:))). Гурт у цяперашняй стылістыцы існуе зь верасьня 2010 года. Мы яшчэ зусім малады калектыў, які, тым не менш, мае пэўны сцэнічны вопыт (і ў кожнага музыкі паасобку, і ва ўсіх разам) – выступы ў якасьці гасьцей фэсту “Бардаўская восень – 2010” (Польшча), сольныя і супольныя зь іншымі гуртамі канцэрты ў Менску, Полацку».

    Гаротніца

  • Горад: Менск
  • Год стварэньня: 2007
  • Стыль: дэструктыўны пажарны аркестар з жаночым вакалам, элемэнтамі ска, клясыкі, джазу, рэгі і ярка акрэсьленай маргінальнай творчай пазыцыяй
  • Трэк: harotnica-hetym_razam.mp3
  • У сеціве: суполка myspace

Гурт «Гаротніца» зьявіўся ў 2007 годзе ў Менску. Стваральнік – Андрусь Такінданг – беларускі мастак, паэт, тэлевядучы, а таксама ўдзельнік легендарнага гурта «Рэха», які ў свой час прымаў удзел і ў «Басовішчы». Гаротная музыка – гэта кранальныя мэлёдыі, танцавальныя рытмы, імправізацыі, нестандартныя формы песьняў. Гурт пазыцыянуе сябе як «дэструктыўны пажарны аркестар з жаночым вакалам, элемэнтамі ска, клясыкі, джазу, рэгі і ярка акрэсьленай маргінальнай творчай пазыцыяй». Тужлівы тэкст на беларускай мове ў суправаджэньні запальных, яскравых, вясёлых матываў – цудадзейнае зельле, піць якое можна не спыняючыся. Кожная песьня – асобная гісторыя, звычайна мінорная, зьяднаная з выбухамі духавых і «клацаньнем» басу, хвацкімі барабанамі, незвычайным вакалам, нестандартным для беларускіх гуртоў інструмэнтам – домрай.

«Спадзевы? "Гаротніцы" ніколі не было на "Басовішчы". Хочам прадэманстраваць сваё майстэрства, атрымаць асалоду ад часу, аддаць належнае, дазнацца многага, пагладзіць прыемнае, падзяліцца энэргетыкай – выйсьці пераможцам!...»

    Monkey Bite

  • Горад: Менск
  • Год стварэньня: 1999
  • Стыль: punk-rock
  • Трэк: monkey_bite-harbaty.mp3
  • У сеціве: myspace

Менскі панк-рок-гурт Monkey Bite сабраўся наноў увосень 2010 году пасьля шматгадовага перапынку. З часу свайго заснаваньня гурт зьмяніў шэраг назваў («Лакаліці», «Блазны», Zloma) і некалькі музыкаў. За гэты год гурт Monkey Bite пасьпеў сыграць некалькі канцэртаў у Менску, у тым ліку быў запрошаны на 7-годзьдзе парталу «Тузін Гітоў».

«Аб чым нашыя песьні? Яны пра тых, хто сочыць за намі з блакітных люстэркаў, пра людзей, якія вымушаныя адчуваць сябе гарбатымі ў роднай краіне, і мараць скінуць нарэшце камяні са сваіх сэрцаў...»

У хуткім часе Monkey Bite пачнуць запіс свайго першага альбому, а пакуль рыхтуюцца да канцэртаў і жадаюць выступіць на «Басовішчы», бо ў якасьці гледачоў былі тут даволі шмат і зараз хочацца паспрабаваць свае сілы ў якасьці ўдзельнікаў.

    Metalgues

  • Горад: Наваградак
  • Год стварэньня: 2008
  • Стыль: мэтал з элемэнтамi фольку
  • Трэк: metalgues-pahonia.mp3
  • У сеціве: vkontakte

Metalgues малады гурт з Наваградка, заснаваны ў канцы 2008 году. Сьпяваюць па-беларуску і па-ангельску: ангельскія тэксты пішуць самі, а для беларускіх ужываюць вершы вядомых паэтаў. Цяпер працуюць над альбомам «Energy of rock».

«Як i усе канкурсанты марым трапiць на Басовiшча, мы нiколi ня ўдзельнiчалi ў гэтым фэсьце. Спадзяемся паказаць сябе, завесьцi знаёмых, паслухаць цiкавыя гурты, атрымаць пазытыўныя эмоцыi i новыя ўражаньнi. Хочам пазмагацца i паказаць, што хлопцы з правiнцыйнага гарадка таксама умеюць добра граць i па-сапраўднаму любяць тую справу, якой займаюцца».

Арганізатары фэстывалю — сябры БАСу — прымаюць заяўкі на конкурс «Басовішча-2011» па 10 чэрвеня 2011 году. Пасьля журы фэстывалю абярэ гурты, якія й будуць запрошаныя на конкурсную частку «Басовішча» ў Гарадок (Польшча). 

Generation.bY зьяўляецца галоўным інфармацыйным партнэрам «Басовішча» ў Беларусі. Усе навіны сёлетняга фэсту, а таксама папярэдніх гадоў — у адмысловым разьдзеле сайту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1299 seconds.