Чытаць Афрыку па-беларуску

Інтэрнэт-часопіс «ПрайдзіСвет» выдаў нумар, прысьвечаны афрыканскай літаратуры і літаратуры пра Афрыку «Finis Africae». У перакладзе на беларускую прадстаўленыя творы прозы і паэзіі так ці інакш зьвязаныя з «чорным кантынэнтам». Яшчэ адна адметнасьць — першыя беларускія пераклады з мовы афрыкаанс.

Выйшаў сёмы нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет», прысьвечаны афрыканскай літаратуры і літаратуры пра Афрыку «Finis Africae». У перакладзе на беларускую мову ў часопісе прадстаўленыя творы афрыканскіх пісьменьнікаў, як сучаснікаў, так і клясыкаў, проза і паэзія эўрапейскіх і амэрыканскіх аўтараў, тым ці іншым чынам зьвязаная з «чорным кантынэнтам», а таксама крытычныя артыкулы і агляды, якія закранаюць праблемы і асаблівасьці афрыканскага літаратурнага сьвету ў беларускім кантэксце.

За савецкім часам, ды і пасьля здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці літаратуры афрыканскіх краінаў былі прадстаўленыя па-беларуску больш чым сьціпла. Выйшла ўсяго некалькі асобных выданьняў і крыху невялікіх публікацыяў у газэтах і часопісах; многія тэксты перакладаліся праз пасярэдніцтва рускай мовы. Зусім не было перакладаў з уласна афрыканскіх моваў (адзінае выключэньне — пераклады, зробленыя Уладзімірам Палупанавым з малагасійскай).

У гэтым нумары «ПрайдзіСвета» рэдакцыя выданьня бярэ на сябе сьмеласць крыху палепшыць сытуацыю, адкрываючы чытачам як творы новых і сучасных паэтаў і празаікаў з Нігерыі, Сенегалу, Заходняй Афрыкі, ПАР, Анголы і інш., так і зьвяртаючыся да творчасьці ўжо вядомых аўтараў — нобэлеўскіх ляўрэатаў Ўоле Шоінкі, Жана-Мары Леклезіё, Дж. М. Кутзэе, а таксама ляўрэатаў прэстыжных афрыканскіх літаратурных прэміяў. Яшчэ адна адметнасьць нумару — першыя беларускія пераклады з мовы афрыкаанс.

Традыцыйна ў нумары, апроч уласна перакладаў, крытычных артыкулаў і аглядаў зьмешчаныя інтэрвію (са славацкім пісьменьнікам Марэкам Вадасам, беларускім празаікам і перакладчыкам Альгердам Бахарэвічам, а таксама перакладчыкам яго рамана «Сарока на шыбеніцы» на нямецкую Томасам Вайлерам), пераклады пераможцаў конкурсу і чарговы майстар-клас — гэтым разам ад перакладчыка і выдаўца Зьмітра Коласа, які мае досьвед ня толькі афрыканскіх перакладаў, але й жыцьця на «чорным кантынэнце».

14:00, 13/05/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1098 seconds.