The Toobes анансуюць новы альбом лірычным сынглам

Гурт The Toobes выклаў у інтэрнэт новы сынгл «Heart Beat». Ён прыадчыняе заслону таямніцы над другім альбомам калектыву, які мае выйсьці гэтай восеньню.

Гурт The Toobes стаў адной з галоўных беларускіх рок-сэнсацый апошніх гадоў, усяго за некалькі месяцаў прарабіўшы шлях ад вядомай у вузкіх колах рок-н-рольнай каманды да сольных аншлягаў у самых вялікіх клюбах Менску. Іх ацанілі і на радзіме («Лепшы альбом 2009» на ўзнагародах Experty.by, «Адкрыцьцё года» на «Рок-каранацыі 2009»), і за мяжой — дастаткова ўзгадаць пахвалы ад Трыкі і другое месца ў намінацыі «Underground Act» на найбуйнейшых расейскіх альтэрнатыўных узнагародах «RAMP 2010».

— Шчыра кажучы, у нейкі момант гэтай усёй шуміхі стала занадта шмат і яна пачала замінаць працы. Таму мы вырашылі на час зьнікнуць з поля зроку прэсы і вярнуцца ўжо з новым матэрыялам, — распавядае вакаліст і бубнач калектыву Стас Ламакін.

За гэты час калектыў адыграў нямала канцэртаў у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы і запісаў больш за 20 песень для новага альбома. Дзьве зь іх увайшлі ў новы інтэрнэт-сынгл «Heart Beat», які адкрывае Toobes зь некалькі нязвыклага боку.

— Першая песня — гэта такі канкрэтны блюзавы мэдляк. Мы іх больш не баімся! — сьмяецца гітарыст Канстанцін Пыжоў. — Нядаўна мы выступалі на байк-фэсьце і доўга спрачаліся, граць яе ці не. Але нават суровыя байкеры пранікліся. Другая песьня хутчэй, але таксама па гуку нешта новае дадалося. У цэлым жа сынгл кантрасны і гэта выдатна.

Свой другі паўнафарматнік гурт плянуе выпусьціць восеньню, але пачуць шэраг новых песень зь яго можна будзе 22 траўня ў клубе «Брадвэй», дзе Toobes выступяць у рамках «I Need Festival». Там жа можна будзе набыць спэцыяльнае выданьне сынгла «Heart Beat», вырабленае музыкамі ўручную. На ім прыхільнікаў будуць чакаць яшчэ два бонус-трэка.

12:00, 13/05/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0684 seconds.