Навукоўцы: менш адукаваныя людзі хутчэй старэюць

Брытанскія навукоўцы выявілі, што ў малаадукаваных людзей старэньне клетак адбываецца хутчэй, чым у тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю. Болей за тое, аказваецца, узровень адукацыі ўплывае на здароўе чалавека мацней, чым яго ўзровень жыцьця або становішча ў грамадзтве.

Дасьледаваньне ДНК, праведзенае супрацоўнікамі Ўнівэрсытэцкага каледжу Лёндану, паказвае на моцную сувязь паміж здароўем і сацыяльным становішчам чалавека. Аб гэтым піша BBC.

Кіраўнік групы дасьледчыкаў, прафэсар Эндру Стэпто патлумачыў, што «ўзровень адукацыі шмат у чым прадвызначае сацыяльны кляс, і наша дасьледаваньне дэманструе, што працяглае ўзьдзеяньне на чалавека ўмоваў жыцьця ў ніжэйшых слаях грамадзтва пагаршае працэс старэньня на клеткавым узроўні».

Прафэсар Стывен Голгэйт, які ўзначальвае камісію пры брытанскай Мэдыцынскай радзе, кажа, што вынікі гэтага дасьледаваньня пацьвярджаюць высновы, да якіх навукоўцы прыходзілі і раней.

«Рашэньні, якія вы прымаеце на першых стадыях жыцьця, могуць значна паўплываць на ваша здароўе, — сказаў Стывен Голгэйт. — Вызначыць залежнасьць вельмі складана, але гэта дасьледаваньне паказвае, што адукацыя прыносіць больш карысьці, чым добрая праца».

Цікава, што навукоўцы ня выявілі сувязі паміж сацыяльным ці эканамічным статусам і хуткасьцю старэньня.

Раней навукоўцы казалі, што ёсьць повязь паміж здароўем і соцыяэканамічным становішчам: бяднейшыя людзі ў сярэднім болей паляць, менш займаюцца спортам і менш рэгулярна зьвяртаюцца да дактароў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1212 seconds.